Якая роля сёння адведзена беларускай апазіцыі?



Палітолаг Сяргей Нікалюк распавёў пра ролю беларускай апазіцыі ў сёняшняй сітуацыі ў краіне і падчас беларуска-еўрапейскага дыялога.

Сяргей Нікалюк: Сёння беларуская апазіцыя можа ўплываць толькі на нейкія асобныя пытанні, якія звязаны найперш з правамі чалавека. Гэта, напрыклад, можа быць інфармацыйная падтрымка кампаніі па вызваленні палітвязняў альбо нешта іншае. Мяркую, што роля апазіцыі, як праваабаронцы, мае месца. А вось глабальна паўплываць на нейкія працэсы як унутры краіны, так і ў знешнепалітычным сектары апазіцыя не можа. У першую чаргу гэта звязана з аб’ектыўным фактарам – нізкай палітычнай актыўнасцю грамадства.

РР: Сіла апазіцыі – менавіта ў падтрымцы грамадства?

Сяргей Нікалюк: Безумоўна. У свой час у Польшчы ў “Салідарнасць” за месяц уступіла каля 10 мільёнаў чалавек. У выніку гэта закончылася “Круглым сталом”, які і вырашыў лёс краіны. Згадзімся, што 10 мільёнаў чалавек – гэта вельмі ўплывовая сіла, якая можа рэальна ўплываць на перамовы на самым высокім узроўні. І мае магчымасць уплываць на палітычныя працэсы. У Беларусі такога няма. Тым больш, сутнасць апазіцыйнай палітыкі заключаецца ў тым, каб знайсці ва ўладзе слабое звяно, а не распыляцца па дробязях. Напрыклад, у Беларусі некаторыя палітыкі лічаць, што галоўнае сёння – удасканаленне Выбарчага заканадаўства. Але хіба гэта сёння больш за ўсё хвалюе простых беларусаў?..

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час