У Чаромсе пройдзе фэст «З вясковага панадворка»



Культуру розных народаў будуць прэзентаваць у Чаромсе. 21-га ліпеня пачнецца там XXII фестываль «З вясковага панадворка». У рамках падзеі – тры дні мерапрыемстваў, сярод якіх канцэрты музычных гуртоў, сустрэчы з пісьменнікамі, музыкантамі, канферэнцыя, турніры ды майстар-класы. «Імкнемся весці своеасаблівы культурны абмен», лічыць галоўная арганізатарка фестывалю Барбара Кузуб-Самасюк:

Калі мы ездзілі на фестывалі і выступалі з «Чарамшынаю», то сустракалі ансамблі, якія граюць такую ж музыку, як мы. І мы вырашылі зрабіць такі фестываль у Чаромсе, каб ансамблям, які граюць сваю музыку, паказаць нашу музыку і нашу культуру, бо яна вельмі цікавая. А таксама паказаць іх культуру нашым людзям. Ідэя фестывалю і была такая: каб тыя, што прыеду, пабачылі нашу культуру і наадварот. Людзі маюць сваю культуру і не саромеюцца гэтага. Няма тут чаго саромецца сваіх каранёў.

Сярод выканаўцаў у час фестывалю можна будзе пачуць, між іншым, «Тройцу» з Беларусі. Адбудуцца канцэрты гуртоў і сустрэчы з асобамі з розных куткоў свету. Падзеі пятніцы названы фестывальным днём Белавежскай пушчы. Больш падрабязна тут.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі