15 адметных сядзібаў і палацаў Гарадзеншчыны, якія варта ўбачыць



Беларускае Радыё Рацыя працягвае знаёміць сваіх чытачоў з шэдэўрамі рэгіянальнай архітэктуры. Раней вашай увазе прадстаўляўся агляд найбольш цікавых цэркваў цяперашняй Гарадзенскай вобласці. Зараз прапануем успомніць альбо даведацца пра найбольш адметныя старадаўнія мураваныя сядзібы і палацы рэгіёну, якія зберагліся да нашага часу. Прадстаўляем іх у альфабэтным парадку. Пры тым пакідаем па-за ўвагай вялікія гарады і выпраўляемся ў глыбінку.

Больцінікі (Вараноўскі раён)

Двухпавярховы дом з аранжарэяй пабудаваны ў стылі неаготыкі ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзя. Дом пабудаваны на месцы старой аднапавярховай сядзібы. Парк закладаў сын графа Ваўжынца Путкамера і Марылі Верашчакі Станіслаў Путкамер. Наўкола разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. Сярод іх вылучаецца белы вялікі будынак, верагодна былая стайня. За домам нізіна, дзе метраў за 50 стаіць альтанка. Апошнім часам у сядзібе вядуцца рэстаўрацыйныя працы.

У Больцініках часта бывалі філаматы Адам Міцкевіч (вядома, што Марыля Верашчака была яго каханай) і Ігнат Дамейка. Сядзіба (будынак 1895 году) у добрым стане, захаваліся таксама флігель, лядоўня, іншыя мураваныя гаспадарчыя пабудовы, стары парк (плошча больш 8 га), у якім больш за 60 відаў дрэў, шмат экзотаў, сярод якіх коркавае дрэва, кіпарысы, грэцкі гарэх, лістоўніца Кемпфера. Найбольш звыклых для нас ліпаў і клёнаў.                       

Гайцюнішкі (Івейскі раён)

Дом у Гайцюнішках можна лічыць найстарэйшым жылым памяшканнем на тэрыторыі Беларусі, што захавалася да сённяшняга дня. Забудоўваўся ён у 1611-12 гадах.   Гайцюнішкі былі асабістай рэзідэнцыяй галяндца Пятра Нонхарта, а дапамагаў яму будавацца яго зямляк інжынер ван Дадэн. Так званы “замачак” пацярпеў у Паўночную вайну, тады ў сядзібнай фартэцыі вытрымалі аблогу шведы, якіх атакавала войска караля Аўгуста Моцнага. У час першай сусветнай вайны вёску занялі нямецкія кайзераўскія войскі, тады загінулі архіў і бібліятэка, што месціліся ў фартэцыі. Але ў цэлым дом захаваўся да сёння амаль нязменным. Даследнікі зазначаюць, што стылёвыя аналагі “замачку” у Гайцюнішках можна знайсці толькі на радзіме яго стваральнікаў у Фляндрыі.

Сядзіба пасля Нонхарта перайшла наваградскаму ваяводу Юрыю Храптовічу. Ад яго – мастаку Шрэтару, які ўпрыгожыў сцены пакояў роспісам. Пазней сядзібай валодалі Рымшы, а потым Путкамеры і фон дэр Остэн-Сакены. Пасля другой сусветнай вайны сюды прыйшлі “трактарысты” і заснавалі школу механізатараў. Ад знішчэння гістарычны помнік ускосным чынам уратавала абласная лякарня, якая пераехала сюды ў 1960-ых гадах. У галоўным доме з таўшчэзнымі паўтарамятровымі сценамі зараз месціцца адміністрацыйны корпус і частка палатаў. Захаваліся рэшткі старога парку і гаспадарчая пабудова.

Гнезна (Ваўкавыскі раён)

Сядзіба ў Гнезне – адна з старадаўніх забудоваў на тэрыторыі Ваўкавыскага павету. У 18 стагоддзі яна належала Ромерам. У 1812 Гнезна было моцна разбурана ў час расейска-французскай вайны. З 1814-га і да 1937-га сядзіба была ў руках роду Тарасевічаў. У 1937-ым маёнтак купілі Сташэўскія, але неўзабаве прыйшлі бальшавікі.

Сядзібны палацык быў забудаваны каля 1835 году. Акрамя сядзібнага будынку захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы – лядоўня, стайня, іншыя мураваныя будынкі, раскіданыя на вялікай тэрыторыі. У 1866-67 гадах тут дзеіла суконная мануфактура. Захаваліся таксама рэшткі старога парку з старымі брамамі і мураванай агароджай. Сёння ў Гнезнаўскай сядзібе размяшчаецца мясцовы сельсавет, а таксама некаторыя культурніцкія ўстановы – прыкладам філіял Вярэйкаўскай дзіцячай музычнай школы. Побач з сядзібай маляўнічая сажалка. А ў былых гаспадарчых пабудовах працуе сельскае вытворчае прадпрыемства.

Жалудок (Жалудак, Шчучынскі раён)

Сядзіба князёў Святаполк-Чацьвярцінскіх, якую праектаваў архітэктар Уладзіслаў Марконі, закладалася ў 1907-08 гадах. Апошні ўладальнік сядзібы – Людвік Чацьвярцінскі – загінуў ў Асвенціме ў 1941-ым. Захаваліся палац, млын, флігель, жылы дом, карэтная, бровар, кузня, іншыя гаспадарчыя пабудовы. У савецкі час на тэрыторыі колішняй сядзібы Чацьвярцінскіх была размешчана вайсковая частка, прычым досыць сакрэтная. Частка і “абмежаваны кантынгент” вайскоўцаў даўно выехалі, аб’ект ахоўваецца дагэтуль. Акрамя асноўнага палацу захаваўся стары мураваны дом 1900 году.

Менавіта ў гэтай сядзібе і на яе тэрыторыі здымаўся беларускі фільм жахаў “Масакра”. 

Жамыслаўль (Замаслава, Івейскі раён)

Знакаміты некалі палац Умястоўскіх (1863-77, завершаны ў 1882-ым), збудаваны па ўзоры варшаўскіх Лазенак. Калі маёнтак перайшоў да роду Кіяневічаў, малодшы з братоў Казімір пачаў забудоўваць рэзідэнцыю. Маршалак Якуб Умястоўскі стаў уладаннікам маёнтку ў 1805-ым годзе, ён перанёс сюды з Клявіцы сваю рэзідэнцыю. Далейшае развіццё маёнтак зазнаў пры яго малодшым сыну – Казіміру. Гэты Умястоўскі быў сапраўдным гаспадаром і чалавекам шырокіх інтарэсаў – акрамя сядзібы была збудавана аранжарэя, вялікія стайні і валоўні, толькі выязных коней гадавалася паўсотні. Пасля яго раптоўнай смерці ў 1863-ім годзе гаспадарыць стала жонка Юзэфа. Пры ёй драўляны палац быў разабраны, а на яго месцы паўстаў мураваны. У 1870-ых сядзіба – цэнтар графства іх сына Уладзіслава і ягонай жонкі Яніны, сядзіба была навуковай базай Віленскага ўніверсітэту. У час першай сусветнай вайны немцы стварылі тут курорт. На тэрыторыі мураваная альтанка з скульптурай Маці Божай (1883), вінакурня (1885), гаспадарчыя пабудовы: мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк (плошча каля 7 га) пасаджаны ў 1883 французскім садоўнікам Джэймсам.

Зараз сядзіба прадаецца за сімвалічную цану.

Жодзішкі (Смаргонскі раён)

Будынак былога езуіцкага калегіума. Заснаваны тут ён быў у 1757-66 гадах у маёнтку Мінкевічаў паводле праекту знакамітага архітэктара Тамаша Жаброўскага. З канца 18 стагоддзя, калі місія паслядоўнікаў Ігната Лаёлы ўжо тут не працавала, калегіум быў пераўтвораны ў палац. У розны час сядзіба належала Патоцкім, Ласкарысам, Мілашэўскім. З асобаў варта прыгадаць Ігната Жабу, тэолага, які быў тут рэктарам калегіума і выкладаў багаслоўскія навукі. Многа пазней у мясцовым касцёле амаль год (з жніўня 1924-га да чэрвеня 1925-га) служыў Вінцэнт Гадлеўскі, адзін з ідэолагаў беларускага Адраджэння. Будынак былога езуіцкага кляштару ўжо многія гады прыстасаваны пад шпіталь. На тэрыторыі захаваліся будынкі бровару, воднага млына (адноўлены ў 1997-ым і дзеіць), рэшткі старога парку.

Залессе (Смаргонскі раён)

Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага (жыў з 1802 па 1806 стала, да 1822 часта бываў), дасталася ў спадчыну ад дзядзькі – маладэчанскага графа Францішка Ксаверы Агінскага. Пасля смерці Агінскага ў сядзібе шмат гадоў жыла яго ўдава – італійская спявачка Марыя Нэры. Наступным уладаннікам быў іх сын Ірэніюш Агінскі (1808-1863), а потым ягоны сын Міхал Мікалай Агінскі (1848-1902), які быў ксяндзом. На пачатку 20 стагоддзя Залессе было ў сваякоў Агінскіх па жаночай лініі, пасля першай сусветнай вайны маёнтак быў падзелены на часткі. У 1927 палац і частку зямлі купілі Жаброўскія, якія былі ўладаннікамі маёнтку да 1939. Сядзібны комплекс забудоўваўся паводле праекту віленскіх архітэктараў – Міхала Шульца і Юзафа Пусэ, найбольш ведамыя мясцовыя будаўнікі – Якуб Буйноўскі, Юзаф Астроўскі, Франц Высоцкі. Парк (закладзены ў 1-й пал. 19 ст., агульная плошча каля 20 га).

Зараз палац, адрэстаўраваны і адноўлены пераважна за еўрапейскія сродкі, працуе як музейны комплекс і культурніцкі асяродак. 

Краскі (Ваўкавыскі раён)

Маёнтак у Красках у першай палове 19-га стагоддзя належаў Булгарынам, а пазней перайшоў да роду Сегеняў, якія валодалі ім да 1939-га году. Першаснай была драўляная забудова 1839-га году, у 1905-ым быў узведзены мураваны двухпавярховы палац. Пра апошняе сведчыць сцяжок-флюгер, на якім пазначана дата. Палац гэты мае дзве вежы (адна цыліндрычнай, а іншая – квадратнай формы) і выглядае на сапраўдны неагатычны замак. Асаблівую загадкавасць і прыгажосць пабудовам надае вялізны парк, агульная плошча парку зараз каля 3 гактараў, а раней разам з былой тэрыторыяй маёнтку ён займаў больш 50 га. У парку расце шмат экзотаў, рэдкіх пародаў дрэваў, некалі, у дарэвалюцыйны час іх сюды прывёз Зыгмунт Сегень. Пасля другой сусветнай вайны ў палацы месціліся шпіталь для хворых на сухоты, лячэбна-працоўны санаторый для алкаголікаў, пазней будынкі пуставалі.

Акрамя палацу захаваліся флігель, склеп, руіны некаторых іншых пабудоваў, вялікі парк. Сядзіба ў 2010 году прададзена прыватнай асобе, тэрыторыя ахоўваецца.

Фота 2000 году

Лябёдка (Шчучынскі раён)

Сядзіба роду Іваноўскіх (пач. 20 ст.). Гаспадар сядзібы Леанард Іваноўскі стварыў перадавую на свой час гаспадарку, не шкадаваў сродкаў і актыўна ўкараняў аграрныя навінкі, дзяліўся імі з суседзямі. Агульная плошча гароду і саду дасягала 20 гактараў, рэгулярна наладжваліся мясцовыя выставы збожжа, гародніны, пладоў.

У парку знаходзіўся пахавальны склеп, які быў разрабаваны і разбураны саветамі.

Мадэрноваму дому ў Лябёдцы, збудаванаму з цэглы ў неагатычным стылі, ўжо больш ста гадоў. У архітэктурным плане ён досыць адметны, прынамсі на Гарадзеншчыне вы аналагаў не знойдзеце. Захаваліся рэшткі старога парку, сярод якіх і досыць рэдкія экзоты, а ў мясцовай Галавічпольскай школе ў адным з пакойчыкаў настаўнікамі-энтузіястамі створана музейная экспазіцыя, прысвечаная роду Іваноўскіх. Захаваліся гаспадарчыя пабудовы, стары мост.

У сядзібе да нядаўняга часу месціўся інтэрнат, трапіць на гэтую тэрыторыю было вельмі праблематычна.

фота з Вікіпедыі

фота 2000 году

Падароск (Ваўкавыскі раён)

Парк і сядзіба, былі заснаваны ў кан. 18 ст. хутчэй за ўсё Канстанцінам Чачотам, а можа яшчэ Грабоўскімі. Маёнткам значны час валодаў Раман Бохвіц, сын ведамага філосафа, нараджэнца мястэчка Мір, Фларыяна Бохвіца. Бохвіц з мэтай перабудовы запрасіў з Вільні архітэктара Лубу, які і стварыў той комплекс, што ў асноўных рысах захаваўся да сёння з 2-й паловы 19 стагоддзя. Лёс Рамана Ота Бохвіца быў надзвычай трагічны – ён памёр пасля арышту саветамі ў 1939-ым, хутчэй усяго закатаваны энкавэдыстамі. Значны час у сядзібе месцілася кантора мясцовага саўгасу. Перад паркам цагляная брама (мяжа 19-20 ст.).

Сядзіба стаіць на беразе рэчкі Зяльвянкі. Дом з мезанінам, збудаваны ў эклектычным стылі з элементамі класіцызму, досыць абшарпаны. Захаваліся таксама гаспадарчыя пабудовы, адметная ўязная брама з чырвонай цэглы, комплекс абкружаны мурам, які пашкоджаны ў многіх месцах, але збольшага цэлы. З-за дому вачам адкрываецца маляўнічая панарама ўсяго мястэчка з царквой і касцёлам.

З нядаўняга часу сядзіба стала прыватнай уласнасцю, ёсць надзея на адбудову.

Рагозніца (Мастоўскі раён)

Сядзіба забудаваная ў 1791 годзе паводле фундацыі Смаленскага кашталяна Антона Сухадольскага, дабудоўвалася ў 19 стагоддзі. У сядзібе некалі гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Антон Сухадольскі быў патрыётам ВКЛ і бараніў яго інтарэсы на чатырохгадовым сойме, куды быў абраны, падтрымліваў правы ўніяцкага насельніцтва краю. Сын Антона Сухадольскага Ян таксама быў палітыкам, пазней браў удзел у вызвольным паўстанні Касьцюшкі. У гэтай сядзібе гадаваліся ўнукі Антона Сухадольскага Януар Сухадольскі, вядомы жывапісец-баталіст, удзельнік паўстаньня 1830 году і яго брат Райнольд Сухадольскі, паэт, таксама ўдзельнік таго ж вызвольнага чыну, аўтар паўстанцкіх песень.

Захаваліся парк з двума ставамі і алеяй, сядзібны дом, уязная брама, некалькі мураваных гаспадарчых пабудоваў, непадалёк брамы з левага боку стары склеп. У сядзібе зараз месціцца кіраўніцтва мясцовым сельскагаспадарчым кааператывам.

Свяцк (Гарадзенскі раён)

Палацава-паркавы ансамбль у 18 ст. належаў роду Валовічаў. Пабудаваны паводле праекту італійскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака. Выканаўцамі былі найлепшыя майстры з Вільні, Гародні, Варшавы. Рэалізацыю праекту пачаў гарадзенскі маршалак Юзаф Валовіч, а скончыў ягоны сын Антон. У кан. 19 ст. маёнтак прададзены габрэйскім купцам, пазней распарцаляваны. Былое ўладанне распалася на пяць частак з рознымі назвамі. У адной з іх – Свяцку-Горным – працавала патачная мануфактура, якая вырабляла вінаградны цукар і іншыя прадукты. У пач. 20 ст. належаў Юзафу Гурскаму. Пасля першай сусветнай вайны палац выкупіў Дэпартамент здароўя польскага ўраду з намерам стварыць лякарню для наркаманаў. У 1930-ыя архітэктурны ансамбль быў рэстаўраваны архітэктарам А. Сасноўскім. Пазней тут месціўся вайсковы шпіталь. У савецкі час у палацавым комплексе дзеіў санаторый для хворых на сухоты. Потым доўга палац пуставаў і разбураўся. Зараз комплекс у працэсе рэстаўрацыі.

Тарнова (Лідскі раён)

Сядзібны комплекс (19-пач. 20 ст.), уходзяць сядзібны дом, стайня, лядоўня, млын-вятрак. У 19 ст. яго ўладаннікамі былі Кашыцы, якім належалі навакольныя землі. У 1865 годзе мясціна перайшла ў рукі расейскага генерала грэцкага паходжання Дэметрыя Маўраса. Апошні быў ад’ютантам крывавага Мураўёва-вешальніка.

У наш час сядзібны дом у значнай ступені адбудаваны.

фота 2002 году

Трокенікі (Астравецкі раён)

Сядзіба роду Богуш-Шышкаў (пач. 20 стагоддзя). У комплекс уваходзілі дом, службовы флігель, стайня. У Трокеніках нарадзіўся Мар’ян Богуш-Шышка (16.02.1901-28.01.1995), вядомы мастак, мастацкі педагог, жыццё якога звязанае з Вялікабрытаніяй.

Сядзібны дом і рэшткі старога парку, закладзенага яшчэ ў 19 стагоддзі, захаваліся.

Шчорсы (Наваградскі раён)

Сядзіба роду Храптовічаў 16 стагоддзя, парк апошняй чвэрці 18 стагоддзя (закладаўся Яўхімам Храптовічам), у кан. 19 – пач. 20 ст. належала графу Буцянёву. Да шчорсаўскай архітэктуры прыклалі рукі італійскія дойліды Джузэпэ Сака і Карла Спампані, а таксама французскі Якуб Габрыэль. Іх высілкамі паўсталі сядзіба ў стылі позняга барока і царква. Была тут і “шчорсаўская восень” Адама Міцкевіча, які ўшанаваў мясцовасць у сваёй паэзіі. Адукаваныя людзі нашага краю ў 18-19 стагоддзях імкнуліся ў Шчорсы, каб патрапіць у знакамітую тамтэйшую бібліятэку. Ян Чачот атрымаў тут сталы прытулак і працу ў цяжкі перыяд свайго жыцця. Наведваў Шчорсаўскую сядзібу і апошні манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Апошні ўладаннік фальварку Канстанцін Храптовіч-Буцянёў перад першай сусветнай вайной перадаў вялікую частку кніг Кіеўскаму ўніверсітэту. Тая частка, якая заставалася ў Шчорсах, калі ў 1939-ым годзе прыйшлі бальшавікі, была імі спаленая.

„Самы няшчасны” з пералічаных у гэтым аглядзе архітэктурных комплексаў. Сядзіба зараз у паўразбураным стане, працягвае нішчыцца, нікому няма да яе справы. 

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара