Прысуды за пікеты салідарнасці з фігурантамі «справы патрыётаў» (абнаўляецца)



У Цэнтральным судзе Менску праходзілі суды над актывістамі, удзельнікамі пікету ў падтрымку палітвязняў, які прайшоў 22 чэрвеня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык пакараная 10 суткамі арышту.

Да Вольгі Мікалайчык быў асуджаны на 15 сутак арышту актывіст Максім Вінярскі, які ў суд не прыйшоў.

Штрафы па 30 базавых велічыняў атрымалі актывісты Мікіта Краснакуцкі і Мікалай Логвінаў.

Справа актывіста з Берасця Андрэя Шарэнды была адпраўленая судом на дапрацоўку.

Цэнтральны суд Менску пакараў Леаніда Кулакова арыштам на 10 сутак. Аднак актывіста не павезлі ў турму на Акрэсціна адбываць пакаранне, бо суд даў пяць сутак на абскарджванне выраку.

***

У судзе Цэнтральнага раёна Менска разглядаюцца адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў пікету салідарнасці з фігурантамі «справы патрыётаў». Пратаколы складзеныя за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Гэта першыя судовыя працэсы, звязаныя з рэалізацыяй грамадзянамі канстытуцыйнага права на мірныя сходы, якія адбываюцца пасля правядзення ў Менску паседжання Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

22 чэрвеня больш за 10 актывістаў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі зняволеных і расцяжкай «Свабоду палітвязням». Супрацоўнікі міліцыі нікога не затрымлівалі, аднак вялі  актыўную вэдэафіксацыю ўдзельнікаў акцыі.

Праваабаронцы валодаюць інфармацыяй пра 6 удзельнікаў акцыі, на якіх складзеныя пратаколы правапарушэння. Магчыма, судоў сёння будзе болей.

11-00. Максім Вінярскі; пастанова – арышт 15 сутак. Максім Вінярскі на суд не змог прыйсці, быў на пахаванні сваяка.

12-00. Мікіта Краснакуцкі; суддзя Іван Касцян, пастанова – штраф 30 базавых велічынь;

14-00. Мікалай Логвінаў; суддзя Іван Касцян, пастанова – штраф 30 базавых велічынь;

14-30. Вольга Нікалайчык; суддзя Вікторыя Шабуня, пастанова – арышт на 10 сутак, далі 5 дзён на абскарджванне;

15-30. Арцём Чарняк; суддзя Іван Касцян;

17-00. Леанід Кулакоў; суддзя Іван Касцян.

Пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння складзеныя па частцы 3 арт 23.34 КаАП (арганізацыя або ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейсненым паўторна на працягу года).

spring96.org