Эстонія прыме дадатковы кантынгент НАТА да пачатку вучэнняў „Захад-2017”



Эстонія размесціць на сваёй тэрыторыі вялікі кантынгент саюзнікаў па НАТА да пачатку расейска-беларускіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2017». Пра гэта паведаміў у чацвер міністр абароны балтыйскай рэспублікі Юры Луйк.

«У адрозненне ад звычайнай практыкі мы са свайго боку прынялі шэраг мер, каб падрыхтавацца да пачатку правядзення гэтых вучэнняў. Самым яркім прыкладам гэтай падрыхтоўкі стала прыбыццё падраздзяленняў ЗША ў Эстонію », – сказаў Луйк у інтэрв’ю газеце Maaleht.

Як нагадаў міністр, у рэспубліцы таксама на пастаяннай аснове размешчаны брытанскі батальён, французскія ваенныя, да іх дадалася рота венгерскіх сіл абароны, зараз размешчаная на поўдні Эстоніі. 

Як раней паведаміў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, у стратэгічных вучэннях «Захад-2017» возьмуць удзел 12 700 вайскоўцаў. Манеўры пройдуць у верасні гэтага года на шасці палігонах Беларусі, а таксама ў Расеі. Паводле слоў беларускага міністра, прасачыць за ходам вучэнняў змогуць больш за 80 запрошаных міжнародных назіральнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў НАТА.

tut.by