У Гародні малітоўна згадалі айца Віктара Данілава
Прайшло 90 гадоў, як нарадзіўся першы, пасля аднаўлення дзейнасці Беларускай грэка-каталіцкай Царквы, парах гарадзенскай уніяцкай суполкі. 7-га снежня ў веку 89 гадоў ён памёр.
На дзень прарока Іллі, які супаў з днём народзінаў айца Віктара Данілава, боскую літургію адслужыў яго наступнік айцец Андрэй Крот.
– Я, калі як малады святар прыйшоў у гарадзенскую парафію, то сустрэў тут ужо ўзараную ніву, добра ўзараную і апрацаваную. Бо айцец Віктар не проста быў сам па сабе духоўным чалавекам, але ён яшчэ быў таксама здольным і плённым душпастарам. Вернікі былі прывучаныя да таго, каб спавядацца, прычашчацца, маліцца. Ён навучаў людзей і сваім словам, і сваім прыкладам.
Праз айца Віктара Данілава прайшлі дзясяткі асобаў з беларускай інтэлігенцыі, якіх яднала гістарычная памяць пра беларускую Царкву, а таксама родная мова.
Згадвае парафіянка Ала Петрушкевіч ад суполкі парафіянаў, якая паўстала дзякуючы айцу Віктару, які адрадзіў Унію ў Гародні.
– Быў ён тады ўжо ў даволі сталым веку. Але трымаўся вельмі годна. Сабраў вакол сябе сям’ю, якая не распалася дасёння. Я памятаю, як часам няпроста яму было весці набажэнства, таму што сэрцайка ягонае было вельмі хворае. Але разам з тым Бог даў яму мажлівасць пражыць амаль да 90 гадоў. Гэта пра многае сведчыць. Гэта быў чалавек вялікай душы.
Айцец Віктар належыў да святароў-падпольшчыкаў, прайшоў праз палітычны пераслед і зняволенне. Дзякуючы яго намаганням у Гародні паўстала не толькі парафія грэка-каталіцкай Царквы, але таксама ён быў адным з першых выкладчыкаў Катэхітычнага інстытута, які цяпер існуе ў Гародні. Па сабе пакінуў кніжную спадчыну з тэалагічных працаў. Адна з апошніх: „Максімы каталіцкага апасталату”, якая была перакладзеная па-беларуску. Большасць яго кніжак выходзілі самвыдатам.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя