Акцыя ў падтрымку беларускага добраахвотніка Тараса Аватарава ў Кіеве



Ля адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта 20 ліпеня прайшла акцыя пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сцягамі з нагоды візіту кіраўніка Беларусі ў Кіеў. Актывісты трымалі партрэты беларускага дабраахвотніка Тараса Аватарава, які асуджаны ў Беларусі на пяць гадоў пазбаўлення волі. На акцыі прысутнічала і маці Тараса – Людміла Поспех.

Напярэдадні яна звярнулася да Пятра Парашэнкі з заклікам заступіцца за яе сына, які бараніў Украіну.

Таксама ў Кіеве прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам прадстаўніцы Руху Салідарнасці „Разам”, на якой быў прыняты зварот да прэзідэнта Украіны і Вярхоўнай Рады.

Да Прэзідэнта Украіны

Пятра Парашэнкі

Да дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны

Да палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў Украіны

Да ўкраінскага грамадства

ЗВАРОТ

Руху Салідарнасці “Разам”

“Свабоду Тарасу Аватараву!”

                                 Шаноўнае спадарства!

Заўтра пачнецца візіт кіраўніка сённяшняй улады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну.

Просім вас зрабіць усё магчымае для вызвалення беларускага палітвязня Тараса Аватарава, які быў асуджаны на пяць гадоў зняволення па інспіраванай спецслужбамі крымінальнай справе. Насамрэч Тарас знаходзіцца за кратамі толькі таму, што, з’яўляючыся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, ваяваў за Украіну.

Шырокае асвятленне ў беларускіх дзяржаўных СМІ “справы Аватарава” дзеля запалохвання беларускага грамадства і нагнятання антыўкраінскай істэрыі паказала як моц прарасейскага лоббі ў сілавым і прапагандовым блоку сённяшняй ўлады, так і пракрамлёўскую пазіцыю самога А.Лукашэнкі. Немагчыма ўявіць, каб гэтая справа рабілася без яго дазволу.

Мы ведаем, якой трагедыяй для братняга ўкраінскага народу ёсць знаходжанне вялікай колькасці ўкраінскіх палітвязняў у расейскіх турмах. Мы заўсёды былі салідарныя з гэтымі палітвязнямі, бо яны з’яўляюцца ахвярамі прававога бязмежжа пуцінскай Расеі.

Тарас Аватараў ёсьць закладнікам прарасейскай пазіцыі цяперашніх уладаў Беларусі. Але Беларусь – не Расея!

Свабоду Тарасу Аватараву!

Жыве Беларусь!

Слава Україні!

19.07.2017г.

Беларускае Радыё Рацыя