“Дэжавю”: гурт “Аб’ект” зноў на сцэне, якой няма



Берасцейскія аматары мясцовай альтэрнатыўнай сцэны дружна канстатуюць заняпад у музычнай сферы. Млявасць слухачоў у наведванні канцэртаў выклікае млявасць з боку іх арганізатараў – ды і саміх гуртоў, што адзін за адным сыходзяць ці то ў падполле, ці то ў глыбокую спячку.

Вольналюбівыя панкі з гурта “Аб’ект” два гады таксама знаходзіліся ў стане паузы, якая, зрэшты, была выкліканая яшчэ і пагаршэннем адносін у калектыве. Але зусім нядаўна гурт выпусціў новы міні-альбом “Чай”, першую з чатырох песень запісаўшы па-беларуску. У ранейшых альбомах беларуская мова прысутнічала таксама, але як перакладны варыянт рускамоўнага трэка. Пра мову і музыку гутарым з лідарам “Аб’екта” Аляксандрам Тамчуком.

РР: Ваш гурт рускамоўны, і самі вы рускамоўныя людзі, але ў кожным альбоме выпускаеце нешта беларускае. Чаму?

А.Т.: У дадзены момант я, магчыма, занадта паранаідальна да гэтага стаўлюся, але я адчуваю, што адбываецца знікненне беларускай культуры як такой. Дзейнічае русіфікацыя, хаця рэкламныя шчыты двурушна распавядаюць пра “маё першае слова на роднай мове”. Я таксама вучыўся ў рускай школе, і ў нашым атачэнні падступна была выхаваная нянавісць да беларускай мовы, як рудыменту.

Я катэгарычна з гэтым нязгодны. І стараюся ўнесці свой уклад у беларускую культуру, наколькі магу. Раней я перакладаў рускія песні на беларускую мову, на дадзены момант я навучыўся пераключацца, каб пісаць адразу беларускую песню. У нас ёсць яшчэ рэчы на беларускай мове, па меры магчымасці мы будзем запісваць і выпускаць. Нельга забываць сваю культуру – іначай прыйдзе нейкі дзядзька і скажа, што цябе самога, у прынцыпе, няма. І так яно і будзе.

РР: Наколькі цяжка ў цалкам рускамоўным атачэнні стварыць нешта беларускае. Што робіце вы, каб увайсці ў мову?

А.Т.: Чытаю, слухаю, гляджу інтэрв’ю… Усё роўна беларускамоўнае асяроддзе ёсць, і я вельмі гэтаму рады.

У прынцыпе я ў асяроддзі не бачу праблемы. Мы заўсёды былі аўтсайдэрамі ў Берасці, нам цяжка было знайсці калектывы, з якімі можна было стылістычна раздзяліць сцэну. Я прывык, што я нідзе не магу знайсці сваю талерку – мая талерка лётае сама па сабе. Мы загартаваліся такім чынам, і нас не хвалюе, што падумаюць. Захацелася праспяваць па-беларуску, пайшоў імпульс, напісаліся радкі – мы зрабілі. А спадабаецца гэта ці не – ну выбачайце.

РР: На фоне той сітуацыі, калі людзі не ходзяць на канцэрты, якой вам бачыцца будучыня берасцейскай альтэрнатыўнай сцэны?

А.Т.: Я яе ў прынцыпе не бачу. Нядаўна паглядзеў – пайшлі нейкія стрымы, анлайн-рэпартажы з канцэртаў, і я падумаў: няўжо мы ўжо прыйшлі да гэтага? Перад вачыма ўтапічная карцінка, што людзі не выходзяць са сваіх кватэр, а музыкі граюць на сваіх нейкіх пляцоўках.

У Берасці хацелася б граць, але незразумела, каму гэта патрэбна. Таму цяпер намагаемся заводзіць знаёмствы там, дзе або ўжо перайшлі на новы эвалюцыйны віток культуры наведвання канцэртаў, або проста засумавалі па старых часах і вырашаюць: “Што мы будзем сядзець дома і круціць спінэры? Пайшлі лепш у клуб, патусуемся, як раней”.

Тобок, я не бачу тут сцэны як такой. Калі неха нешта робіць, добра, калі мы недзе пра гэта пачуем. Яшчэ лепш, калі нехта туды прыйдзе.

У далучаным файле можна паслухаць песню з новага альбому гурта “Аб’ект”.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя