Грошы з космасу
Даходы ад першага беларускага спадарожніка, які быў запушчаны пяць гадоў таму, ужо перавышаюць на 8 млн даляраў расходы, паведаміў у інтэрв’ю праграме „Навіны 24 гадзіны” тэлеканала СТВ 22 ліпеня дырэктар УП „Геаінфармацыйныя сістэмы” НАНБ Сяргей Залатой.
„Мы здымаем не толькі тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мы здымаем і іншыя тэрыторыі. Ёсць у нас замежныя замоўцы на касмічную здымку, але гэта не з’яўляецца асноўным”, — сказаў Залатой.
Паводле яго слоў, эканамічны эфект узнікае за кошт стварэння новых тэхналогій, новай апаратуры.
„Аб’ём замоў, якія атрымала рэспубліка на тэлескопы, аналагічныя нашаму апарату, на розныя электронныя кампаненты, на праграмнае забеспячэнне, неабходнае для апрацоўкі, — вось гэтыя даходы, яны перавышаюць ўжо на 8 млн даляраў расходы”, — адзначыў Залатой.
Як паведамілі ў рэпартажы тэлеканала, за пяць гадоў бесперабойнай працы апарат наздымаў прыблізна 140 млн квадратных кіламетраў Зямлі. Дэталёвая прапрацоўка беларускіх карт дазволіла ўзмацніць нацыянальную бяспеку, весці пастаянны маніторынг экалагічнай і геалагічнай сітуацыі, а таксама прадухіляць надзвычайныя здарэнні. Запуск уласнага спадарожніка станоўча адбіўся і на эканоміцы краіны, было адзначана ў рэпартажы.
Зараз беларускія і расейскія вучоныя працуюць над стварэннем спадарожніка зандавання Зямлі. Вывесці на арбіту яго плануюць ў 2021 годзе.
Паводле БелаПАН