Магілёўскі „Дняпро” выбіў менскае „Дынама” з Кубку Беларусі



Магілёўскі „Дняпро” выбіў менскае „Дынама” з Кубку Беларусі – на стадыі 1/8-й фіналу дняпроўцы на чужым полі адолелі сталічнікаў з лікам 1:0. Пераможны мяч у першым тайме запісаў на свой баланс Аляксандр Джыгера. Трэба зазначыць, што каманда Сяргея Гурэнкі выступала ў гэты дзень фактычна другім складам. Эксперымент бела-блакітных у выніку не ўдаўся. 

Салігорскі „Шахцёр” на гэтай стадыі без праблем разграміў „Воршу” – адзінага прадстаўніка другога дывыізіёна – 6:0. Мячы забівалі харват Любан Црэпуля – двойчы, Віталь Лісаковіч, Аляксей Янушкевіч, Дзяніс Лапцеў, а апошняе ўзяцце брамы аршанцаў зарэгістравана як аўтагол Хількевіча.

Упартым выдаўся паядынак паміж берасцейскім „Дынамам” і „Гомелем”. Госці вызначыліся першымі – пенальці зарабіў і рэалізаваў капітан гомельцаў Айдаў. Дынамаўцы кур’ёзна адыграліся – пры мокрым надвор’і пры падаванні кутняга Паўлам Сядзьком мяч праслізнуў у браму. На 74-й хвіліне вікторыю берасцейцам прынёс ганец Джоэл Фамейе2:1.

Яшчэ ў адной сустрэчы дня „Віцебск” прымаў на сваім полі ФК „Слуцк”. Асноўны і дадатковы час гульні завяршыліся нулямі, а вось пасляматчавыя пенальці больш удала выканалі случакі – 4:2.

Такім чынам вядомыя ўжо 7 з васьмі ўдзельнікаў чвэрцьфіналу: „Іслач”, „Нёман”, „Крумкачы”, „Дняпро”, „Шахцёр”, берасцейскае „Дынама”, „Слуцк”. Апошні ўладальнік чвэрцьфінальнага квітка вызначыцца ў матчы барысаўскага БАТЭ і жодзінскага „Тарпеда”.

Беларускае Радыё Рацыя