Гурт Re1ikt даў канцэрт у піжамах



Незвычайны канцэрт ва ўтульнай хатняй атмасферы адбыўся ў сталічнай прасторы “Кватэрнік” у нядзелю.

Музыкі гурта Re1ikt апрануліся ў халаты і нават піжамны касцюм дыназаўра ды прэзентавалі слухачам свае найлепшыя кампазіцыі ў цікавых камерных аранжыроўках на базе студыі “МузШок”. Звычайна там людзі вучацца граць на музычных інструментах, але час ад часу школа ператвараеца ў канцэртную пляцоўку, дзе ў фармаце кватэрніка граюць вядомыя беларускія музыкі.

“Калі мы пераехалі з Гомеля ў Менск, дык давалі шмат “кватэрнікаў” проста ў сябе дома. Людзям вельмі падабаліся тыя канцэрты. А як мы даўно ўжо нічога падобнага не рабілі, вырашылі прыгадаць тыя часы. Насамрэч жа гэта быў паўнацэнны акустычны канцэрт, але найперш мы намагаліся стварыць утульную хатнюю атмасферу: па-свойску апрануліся, запалілі лямпы-начнікі, частаваліся гарбатай з печывам”, – кажа лідар гурта бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Трэба адзначыць, што публіцы быў па сэрцы такі фармат імпрэзы, калі можна ўладкавацца на пледзе ды замовіць любімую песню, а таксама запытацца ў музыкаў пра што заўгодна.

[Not a valid template]

Наступны выступ Re1ikt адбудзецца 12 жніўня ў гістарычным цэнтры Менска ў рамках праекта “Пешеходка”. Гэта будзе вялікі сольны дабрачынны канцэрт з вольным уваходам.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя