Мсціслаў: Кармяліцкі касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі
Уладзімір Караткевіч ў нарысе „Дыяментавы горад” (1982) увагу чытача звяртаў на Кармяліцкі касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі.
Выгляд на касцёл з Замчышча.
„…у 1614 годзе кармеліты ўзводзяць на Замкавай гары свой касцёл, самы велічны ў Мсціславе. Праўда, наконт заснавання яго існуюць рознагалоссі. Некаторыя кажуць, што касцёл гэты быў пабудаваны ў 1637 ці нават 1638 годзе. А некаторыя стаяць на тым, што заснаваны ён быў усё ж у 1614, а ў 1637 да яго толькі прыбудавалі цёплую капліцу”. У.Караткевіч „Дыяментавы горад”. 1982
І зноў Уладзімір Караткевіч: „Гэты храм мог бы зрабіць гонар кожнаму гораду, тым больш, што ў ім зберагліся фрэскі, у прыватнасці вельмі рэдкія на Беларусі фрэскі на свецкія тэмы: штурм горада Трубяцкім і “трубяцкая разня”. Зроблена гэта па свежых слядах здарэння і зроблена здорава. Ды і ўвогуле храм уражвае кожнага і сваім вонкавым выглядам, і сваім інтэр’ерам. Будынак трывала, і, адначасова, лёгка стаіць на зямлі. Ён, нібыта, і прысадзісты, але, адначасова, такі бязважкі, што душа разам з ім адрываецца ад зямлі, асабліва калі над вежамі ягонымі бягуць аблокі, і сам ты разам з храмам, плывеш з імі некуды. У 1746 –1750 гадах касцёл рэканструяваў вядомы архітэктар Ян Крыштэф Глаўбіц, майстар барока, таго, позняга, у самай развітай ягонай форме. Ён перарабіў вярхі вежаў, галоўны фасад і дах”. У.Караткевіч „Дыяментавы горад”. 1982
У Кармеліцкім касцёле працягваецца рэстаўрацыя, пра якую Уладзімір Караткевіч пісаў яшчэ ў 1982 годзе.
Касцёл зачынены, на браме напісана імя Віктар і тэлефон, па якім, напэўна, можна тэлефанаваць і дамаўляцца на агляд касцёла, але ў нумары тэлефона не хапае лічбаў, таму ён ператвараецца ў таямнічы код.
Але ў касцёл ўсё ж можна зазірнуць праз адтуліну для замка.
У 2016 годзе Мсціслаў перажыў “Дажынкі” і ў цэнтры можна назіраць славуты “беларускі” парадак, які шмат у чым пазбаўляе беларускія мястэчкі і гарады самабытнасці. Але варта адначыць, што асаблівых разбурэнняў “Дажынкі” у Мсціслаў не прынеслі.
Беларускае Радыё Рацыя