Дуда ўпершыню разышоўся з Качыньскім (абноўлена)



Палітычныя баталіі ў Польшчы. Сёння, 24 ліпеня, адбылася экстранная нарада кіраўніцтва кіроўнай партыі “Права і Справядлівасць” з удзелам прэм’ер-міністра Беаты Шыдла. Увечары праходзяць сустрэчы палітыкаў з прэзідэнтам. Гэта звязана з тым, што сёння польскі лідар Анджэй Дуда абвясціў, што накладае “права вета” на два з трох законапраектаў, якія тычацца рэформы судовай сістэмы, і якія выклікалі ў апошні тыдзень шматтысячныя пратэсты па ўсёй краіне:

– Няма ў нас такой традыцыі, каб генеральны пракурор у якісьці спосаб мог умешвацца ў функцыянаванне Выйшэйшага суда як судовага інстытута. Таму я вырашыў, што вяртаю законапраекты на разгляд Сейму, або дакланей накладаю вета на законапраект Аб Вышэйшым судзе і таксама на законапраект Аб Нацыянальнай судовай Радзе.

Адметнасць сітуацыі ў тым, што прэзідэнт Анджэй Дуда быў вылучаны на пасаду з шэрагаў партыі “Права і Справядлівасць”. Таму ў самой партыі лічылі, што прэзідэнт падтрымае іх ініцыятывы. У той жа час апазіцыя гаворыць пра частковую перамогу палякаў, якія выходзілі на пратэсты. Паводле пратэстоўцаў, прапанаваная рэформа пагражае канстытуцыйнаму прынцыпу падзелу ўлады.

***

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда мае намер адхіліць законапраекты, якія пераводзяць Вярхоўны суд краіны ў падпарадкаванне міністэрства юстыцыі і надзяляюць генпракурора паўнамоцтвамі па прызначэнні суддзяў.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абвясціў, што накладзе вета на законы аб судовай рэформе, якія былі раскрытыкаваныя Еўракамісіяй і прывялі да масавых пратэстаў у краіне, паведамляе Associated Press.

Агенцтва адзначае, што гэта першы выпадак, калі Дуда адкрыта разышоўся з лідарам кіруючай партыі „Права і справядлівасць” Яраславам Качыньскім. Да гэтага часу Дуда падтрымліваў лінію партыі і не накладаў вета на яе законы.

Прэзідэнт Польшчы мае намер адхіліць законапраекты, якія пераводзяць Вярхоўны суд краіны ў падпарадкаванне міністэрства юстыцыі і надзяляюць генпракурора паўнамоцтвамі па прызначэнні суддзяў.

Прасоўваннем дакументаў займалася кіруючая партыя „Права і справядлівасць”.

22 ліпеня Сенат Польшчы прыняў без паправак законапраект аб рэформе Вярхоўнага суда.

16 ліпеня ў Варшаве некалькі тысяч людзей выйшлі на акцыю пратэсту супраць змены судовай сістэмы.

Тры былыя прэзідэнты Польшчы – Лех Валенса, Аляксандр Квасьнеўскі і Браніслаў Камароўскі – у адкрытым лісце заявілі, што ініцыятыва партыі „Права і справядлівасць” можа прывесці да дыктатуры.

Віцэ-старшыня Еўрапейскай камісіі Франс Тымерманс заявіў, што Еўракамісія можа пазбавіць Польшчу права голасу за незбалансаваную судовую рэформу. Паводле яго слоў, законапраекты ўяўляюць пагрозу прынцыпу вяршэнства права.