У Менску затрыманы 34-гадовы вычварэнец



У Менску міліцыя затрымала 34-гадовага мужчыну, які прыставаў да хлопчыка ў прыбіральні рэстарана.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага РУУС Таццяна Абозная, 23 ліпеня каля 16.30 спрацавала кнопка трывожнай сігналізацыі ў рэстаране хуткага харчавання на праспекце Незалежнасці. На месца выбылі супрацоўнікі Цэнтральнага раённага аддзела дэпартамента аховы МУС. Міліцыянеры затрымалі мінчаніна, які ў прыбіральні рэстарана ўтрымліваў дзевяцігадовага хлопчыка, заціскаў яму рот рукой і прыставаў да яго.

Высветлілася, што хлопчык, які прыйшоў у рэстаран са сваёй бабуляй, адпрасіўся ў яе схадзіць у туалет і памыць рукі. Следам за ім у прыбіральню зайшоў падазроны, а затым напаў на дзіця.

Затрыманы раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за ўчыненне гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх.

Паводле слоў начальніка крымінальнай міліцыі Цэнтральнага РУУС Паўла Кудраўца, па гэтым факце праводзіцца праверка, высвятляюцца ўсе абставіны здарэння. Матэрыялы перададзеныя ў раённы аддзел Следчага камітэта для вырашэння пытання пра распачынанне крымінальнай справы.

Як паведаміла Абозная, адначасова са спрацоўваннем кнопкі трывожнай сігналізацыі ў дзяжурную частку паступіла некалькі паведамленняў ад грамадзян, якія сталі відавочцамі „гэтай непрыемнай карціны”. „Адзін з маладых людзей да прыбыцця нарада спрабаваў адбіць хлопчыка ў зламысніка. Ад самасуду таго выратавала толькі хуткае прыбыццё супрацоўнікаў міліцыі. Зрэшты, былі і тыя, хто, не ўнікаючы ў сутнасць канфлікту, спрабаваў перашкаджаць дзеянням вартаўнікоў правапарадку, не прамінуўшы пасля выкласці інфармацыю ў сацыяльных сетках пра нібыта грубых дзеяннях міліцыянераў”, — заявіла афіцыйны прадстаўнік РУУС.

belapan.com