На Падляшшы пройдзе тэатральны фестываль



18 тэатраў з усяго свету пакажуць свае спектаклі на Падляшшы. Тут ужо на бліжэйшых выходных пачнецца ІХ Міжнародны тэатральны фестываль „WERTEP„. Сёлетні фестываль будзе працягвацца не два, як заўсёды, а тры тыдні. З году ў год фестываль пэўным чынам удасканальваецца, кажа арганізатар Дарыюш Скібіньскі.

– Менавіта пра тое і ідзе гаворка, каб гэты фестываль быў разнастайны, неманатонны. Шмат людзей прыязджае з розных раёнаў, а пасля глядзяць, як атрымалася, параўноўваюць. Гэта сітуацыя адкрытасці межаў. Мы марым, каб адзін з нашых фестываляў прайшоў па другі бок мяжы, у Беларусі. І мы гаворым на гэтую тэму.

Фестываль „WERTEP” праходзіць у мясцовасцях, размешчаных пры Белавежскай пушчы. Як і штогод, не толькі жыхары Падляшша, але таксама турысты і аматары тэатра змогуць паглядзець спектаклі задарма.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток