У Магілёве работнікі морга падманулі больш за сто чалавек



Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пачаў разгляд справы трох работнікаў морга, абвінавачаных у падмане сваякоў памерлых больш чым на 5.700 рублёў.

Згодна з выстаўленым абвінавачаннем, работнікі РУП „Белсудэкспертзабеспячэнне” Мікалай Рабцаў, Галіна Сяргеенка і Алеся Швед на працягу мая—ліпеня 2016 года шматкроць завышалі патрабаванні па аплаце за свае паслугі па падрыхтоўцы целаў нябожчыкаў да пахавання. Карыстаючыся цяжкім псіхалагічным станам сваякоў памерлых, абвінавачаныя бралі ў іх грошы без падпісання якіх-небудзь дагавораў. Чэкі, калі і выдаваліся, не мелі да гэтых паслуг ніякага дачынення. У выніку аплата магла быць большай, чым устаноўлена прэйскурантам, у пяць-шэсць разоў. Пасля пад дамовамі, якія ніхто з кліентаў не бачыў, ставіліся іх фальсіфікаваныя подпісы. Следства налічыла 101 пацярпелага, які праходзіць па справе работнікаў морга, што знаходзіцца пры Магілёўскай бальніцы № 1 (Лаўсанаўскай).

Сёння суд заслухаў паказанні больш як дзесяці пацярпелых. Некаторыя з іх са слязамі на вачах успаміналі дні, звязаныя з пахаваннем блізкіх людзей, асабліва калі смерць адзінага сына ці дачкі была трагічнай і раптоўнай. Кожны з іх распавядаў, як перадаваў запатрабаваныя работнікамі грошы, не задумваючыся аб адэкватнасці сумы. Кліентаў нават не здзіўляла, што часам работнікі бралі з іх крыху менш, чым патрабавалі першапачаткова. „Нам сказалі, што трэба заплаціць 1 мільён рублёў (недэнамінаваных). Мы сталі абурацца, чаму так дорага, і спыніліся на 600 тысячах”, — распавяла адна з пацярпелых, якая не ведала, што на самай справе паслуга каштавала 210 тысяч рублёў.

Падсудныя не адмаўлялі сваёй віны і выказвалі гатоўнасць адразу ж вярнуць пацярпелым незаконна атрыманыя грошы. Для маментальнага пакрыцця шкоды суд рабіў двуххвілінныя перапынкі. Пацярпелыя, якія атрымалі грошы, не патрабавалі для абвінавачаных у падмане спажыўцоў, а па сутнасці — у нажыве на людскім горы, строгага пакарання. Хтосьці лічыў, што падсудныя сваёй працай вельмі дапамагаюць людзям, хтосьці заяўляў, што Бог іх пакарае. Разам з тым некаторыя з пацярпелых выказвалі ўпэўненасць, што на лаве падсудных знаходзяцца „стрэлачнікі”, а сапраўдныя віноўнікі, якія стварылі гэтую сістэму і якія кіравалі ёю, пазбеглі адказнасці.

26 ліпеня суд працягне разгляд справы.

БелаПАН