Лапаты і Цюпішкі – месцы са спісу ЮНЕСКА
Знакаміты навуковец Васіль Струвэ, па нараджэнні і паходжанні немец Фрыдрых Струвэ, астраном, першы дырэктар знакамітай Пулкаўскай абсерваторыі, што была заснавана пад Пецярбургам, пакінуў свой след і на беларускай зямлі. Яму ўпершыню прыйшло ў галаву вызначыць градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна на агромністай прасторы – абшары ад узбярэжжа Паўночна-Ледавітага акіяну да вусця ракі Дунай. Узніклыя ў выніку працы геадэзічныя знакі на тэрыторыі розных краінаў атрымалі назву Дугі Струвэ. Вымярэнні пачаліся ў 1816 годзе і доўжыліся амаль сорак гадоў. У выніку былі атрыманыя каштоўныя матэрыялы для вызначэння формы і памераў Зямлі. Дакладнасць таго даўняга вымярэння проста ўражвае – сучасныя тэхналогіі з дапамогай штучных спадарожнікаў выявілі зусім нязначныя адхіленні тых разлікаў, толькі на пару сантыметраў.
Сетка Дугі Струвэ складалася ажно з 265 пунктаў – гэта былі кубы памерам 2 на 2 метры, закладзеныя ў зямлю. Гэтыя пункты размяшчаліся на тэрыторыі ажно 10 сённяшніх дзяржаваў – па парадку з поўначы на поўдзень – Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны і Малдовы. Агульная працягласць гэтай лініі 2820 кіламетраў. У Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе знакі Дугі Струвэ, якая залічана ў культурную спадчыну ЮНЕСКА, сталі афармляцца і ўлучацца ў турыстычныя маршруты. У нашай краіне захаваўся 21 пункт з гэтага расцягнутага кантынентальнага аб’екту. Гэта больш, чым у якой іншай краіне. 5 з іх запісаны ў згаданы Спіс сусветнай спадчыны. З іх два на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці – ля вёсак Лапаты (Шчучынскі раён) і Цюпішкі (Ашмянскі раён).
Пункт у Лапатах знаходзіцца пры самай дарозе на шашы ад чыгуначнай станцыі Ражанка ў кірунку Жалудка. Шкада, што сучасныя ўлады Шчучынскага раёну знішчылі зараз амаль усе дрэвы абапал гэтай, яшчэ нядаўна вельмі маляўнічай, дарогі. Пункт Дугі Струве пры шашы па правым баку. Праз дарогу шыльда, якая паказвае, што тут пачынаюцца землі Жалудоцкага агракомплексу. Геадэзічны знак паблізу поля аздоблены інфармацыйнай табліцай і адмысловым указальнікам.
Месца ў Цюпішках (Ашмянскі раён), што непадалёк Гальшанаў адшукаць цяжэй. Трэба скіравацца за вёску на ўзлесак. Наваколлі тут вельмі маляўнічыя, на воданапорнай вежы звілі гняздо буслы. На пад’ездзе да помніка на разгалінаваным драўляным ствале інфармацыйны стэнд з тэкстамі па-беларуску і ангельску. Праз метраў дваццаць на пагорку ўсталяваны гранёны абеліск з адпаведным надпісам і шарам зверху, на якім выява межаў сучаснай Беларусі. У глыбіні справа трынога над самым геадэзічным пунктам. На жаль, некаторыя недалёкія “спецыялісты”, якія нічога не разумеюць у тапаніміцы і беларускай мове, друкуюць назву вёскі як “Тупішкі”.
Дзякуючы падтрымцы асветніцкага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” у Гальшанскай сярэдняй школе не так даўно паўстаў музей Дугі Струвэ. Знакі гэтага геадэзічнага аб’екту паступова ўваходзяць у лік турыстычных атракцый Беларусі.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара