Аляксандр Кабанаў: Пазбавіліся ад мяне і скасавалі таварыства



Чыноўнікі Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта выступілі супраць прыватнай ініцыятывы і прадэманстравалі перадузятыя адносіны да аднаго з жыхароў раёна – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава. Справа закруцілася вакол новастворанага навасёламі Таварыства ўласнікаў жылля для вырашэння праблем па сваім доме. Старшынём таварыства быў абраны Аляксандр Кабанаў. Таварыства і яго кіраўніка зарэгістравалі месяц таму ў раёне і вобласці. Актыўнасць і настырнасць Кабанава пры вырашэнні праблем па доме не спадабалася чыноўнікам, і яны адмянілі сваё рашэнне, надаўшы яму прававое абгрунтаванне, кажа Аляксандр Кабанаў:

– Трэба сярэдняя спецыяльная альбо вышэйшая адукацыя. А ў мяне проста сярэдняя адукацыя. Трэба прайсці нейкія курсы, лекцыі ў Менску, здаць экзамены. І трэба, каб райвыканкам абавязкова мяне зацвердзіў, а гэта нерэальна.

Актывіст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі лічыць паводзіны райвыканкама непрафесійнымі і непрыгожымі.

Першапачаткова таварыства і яго старшыня былі законна зацверджаны як у раёне, так і ў вобласці. Ёсць пункт у жыллёвым кодэксе, дзе сказана, што ў выключных выпадках старшынём можа быць актыўная асоба без адукацыі, гаворыць Сяржук Русецкі:

Савецкасць нашага заканадаўства ў тым, што райвыканкам павінен зацвярджаць абранага старшыню таварыства. Падаецца, гэта справа людзей самога таварыства. Прычым тут райвыканкам? Асоба спадара Кабанава на асаблівым уліку – як яны могуць яго прапусціць!?

Паводле Аляксандра Кабанава, улады не толькі пазбавіліся ад непажаданай асобы ў таварыстве, але і скасавалі само таварыства – магчымага станоўчага прыкладу па ўпраўленні сваім домам. Пазбавілі ад канкурэнта мясцовага манапаліста – жыллёва-камунальную гаспадарку.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза