Хто атрымлівае за кратамі па 300-800 даляраў?



Былы палітвязень Сяргей Скрабец распавёў пра заробкі зняволеных у калоніях і турмах.

Начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка заявіў, што некаторыя асуджаныя ў калоніях зарабляюць па 300-800 даляраў у месяц.

“Асабіста я бачыў самы высокі заробак, які атрымліваў чалавек (па-мойму гэта было ў 26-й калоніі пасялення), на старыя грошы выходзіла 16,5 мільёны рублёў, – цытуе словы спадара Дарошкі “Народная Воля”. – Здаецца, па прафесіі гэта быў зваршчык. І гэта не выключэнне. Ёсць людзі, якія нават у закрытых установах атрымліваюць каля 6–7 мільёнаў старымі грашыма (зараз гэта 600-700 рублёў”.

Сяргей Скрабец: Я сядзеў у калоніі “Віцьба”. Працаваў бібліятэкарам, атрымліваў у пераліку недзе прыкладна 15 даляраў. Але самыя вялікія заробкі ў нас былі там, дзе гатаваўся хлеб – каля 30 даляраў. Праўда, працавалі людзі з чатырох гадзін раніцы і да шасці вечара. А ўвогуле, сярэдні заробак у калоніі быў у межах 6-7 даляраў. Хаця, кажуць, і гэта шмат, бо некаторыя атрымлівалі “чыстымі” па 5-10 тысяч рублёў на старыя грошы. А вылічваюць там і за ежу, і за адзенне, і за ўсё, чым у калоніі карыстаешся. Пры гэтым за тую баланду, што давалі, вылічвалі столькі, як быццам ты ў рэстаране харчаваўся. А за робу, якую сам і пашыў, бралі, як за касцюм ад “Армані”.

РР: Але ж нехта, відаць, мае і тыя заробкі, пра якія распавёў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў…

Сяргей Скрабец: З такімі заробкамі, пра якія распавёў спадар Дарошка, беларусам не трэба ехаць у Расею на заробкі. Садзішся ў турму – зарабляеш добрыя грошы. Праўда, трэба, напэўна, перад пасадкай спецыяльнасць зваршчыка атрымаць, каб мець гарантаваныя 800 даляраў. А ўвогуле, усё было б так смешна, каб не было так сумна. Народ усё-такі ў нас не такі тупы, як думаюць некаторыя чыноўнікі, усе ведаюць, якія рэальныя заробкі атрымліваюць зняволеныя ў калоніях і турмах. Таму, як кажуць на “зоне”, начальнік “брамкі паблытаў”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя