Ці святкуюць 27 ліпеня ў Гародні?



Для грамадскіх актывістаў Гародні 27 ліпеня – гэта сапраўднае свята. Прадстаўнікі розных партый і грамадскіх арганізацый не прызнаюць дзяржаўны Дзень Незалежнасці, які святкуецца ў Беларусі 3 ліпеня.

Што для яго 27 ліпеня распавядае кіраўнік партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў:

Безумоўна гэта свята, адна з важнейшых дат найноўшай гісторыі Беларусі, калі наша краіна аднавіла сваю незалежнасць. Для мяне, як для беларускага нацыяналіста — адна з асноўных і важнейшых вех апошніх трыццаці гадоў. Я не буду казаць яркіх слоў, што без гэтага дня не было б будучыні, але для мяне гэта сапраўды святочны дзень і вельмі важная падзея ў жыцці.

Актывіста Беларускага Народнага фронту Сяргей Мальчык:

Я думаю, як і для ўсіх жыхароў Беларусі, гэта Дзень Незалежнасці. У гэты дзень у 1990-м годзе была прынятая Дэкларацыя аб незалежнасці, у гэты дзень нарадзілася наша сучасная беларуская дзяржава. У нашай гісторыі ёсць 2 даты дзень 25 сакавіка 1918 года, калі ўпершыню прагучала слова Беларусь узнікла Беларуская Народная Рэспубліка і існаванне яе, хоць і кароткі час, і няўнасць да гэтага часу яе ўраду ў эміграцыі, мела важнае сімвалічнае значэнне і з’явілася падставай у 1990 годзе абвяшчэння зноў Беларускай Дзяржавы. А тое, што цяперашні прэзідэнт адмяніў гэтае свята, дык ну не падабаецца яму беларуская незалежнасць. Яму чамусьці падабалася вызваленне Менска, хоць гэта было ўсяго толькі вызваленне сталіцы Беларусі ад чарговых захопнікаў. Гэтых захопнікаў у гісторыі Беларусі было вельмі многа. І ня дай Бог калі яны зноў з’явяцца: з Усходу ці з Захаду ці з іншага накірунка. Таму, са Святам Вас усіх!

Грамадскі актывіст Ігар Банцар:

27 ліпеня для мяне — сапраўдны Дзень Незалежнасці, бо я лічу 3 ліпеня, дзень, які ў нас афіцыйна адзначаецца як Дзень Незалежнасці — гэта проста адзін з дзён, калі быў вызвалены адзін з гарадоў Беларусі. І вельмі дзіўна, што мы святкуем Дзень Незалежнасці, калі палова краіны яшчэ была пад акупацыяй.

Актывіста БХД Сяргей Верамеенка:

27 ліпеня — гэта безумоўна свята. Гэтую дату ў 1990 годзе я сустрэў, знаходзячыся ў савецкім войску. Я быў вельмі здзіўлены гэтаму, вельмі ўзрадаваны. Мы ж ведаем, што ў 1990-м годзе акурат адбываўся «парад суверэнітэтаў», але адно, калі ты чуеш, што нейкая там адна з рэспублік, напрыклад Літва і Латвія набыла суверэнітэт, а іншае, калі ты чуеш, што першы і самы галоўны крок да суверэнітэту робіць Беларусь. Бел-чырвона-белы сцяг я ўжо заспеў толькі ў 1991-м годзе, калі прыехаў пасля войска, я пабачыў гэтае вялікае прыгожае палотнішча над Гарадзенскім аблвыканкамам і шчыра кажучы, у мяне ажно заняло дыханне. Таму для мяне гэта сапраўднае свята і менавіта гэты дзень мае быць Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго 27 ліпеня 1320 года адбылася знакамітая бітва пад Меднікамі, калі наш беларускі літвінскі народ дапамог нашаму брацкаму жамойцкаму народу адбіцца ад тэўтонскіх рыцараў.

Акцый апазіцыі 27 ліпеня ў Гародні ўжо не адбываецца больш за 10 гадоў і актывісты прапануюць адзначаць гэтае свята ў сямейным коле. Па словах грамадскіх актывістаў у гэты дзень пры святкаванні трэба ўзгадаць усіх знаных і нязнаных змагароў за Незалежнасць Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня