Талака на Лідчыне і Івейшчыне да Дня Незалежнасці
Грамадскія актывісты з Бярозаўкі зладзілі талаку на Лідчыне і Івейшчыне і прымеркавалі яе да Дня Незалежнасці Беларусі.
Актывісты Партыі БНФ чарговы раз наведалі сядзібу Зянона Пазьняка ў вёсцы Суботнікі, дзе навялі парадак каля хаты палітыка. А пасля таксама наведалі ўрочышча Крыжы, што на Лідчыне, дзе прыбралі месца бою і пахавання паўстанцаў 1863 года. Такім чынам, актывісты аддалі даніну павагі змагарам за незалежнасць Беларусі розных часоў.
Кажа адзін з удзельнікаў талакі Сяргей Пантус:
— Сёння быў плённы дзень, папрацавалі ў Суботніках, у хаце Пазьняка пакасілі траву, у садзе ля хаты шмат працы зрабілі, і ў другой палове дня пад’ехалі пад вёску Малое Вольжава, у поле, дзе ўрочышча Крыжы, як мы гэта называем, дзе стаяць крыжы па паўстанцах Каліноўскага. У гэтых мясцінах адбываліся рэальныя баі і на гэтым полі пахаваныя паўстанцы. Таксама вакол крыжоў абкасілі траву, крыху прыбраліся.
Актывісты падалі заяўку ў Лідскі раённы выканаўчы камітэт на правядзенне традыцыйнай імшы па палеглых і ўшанаванне памяці паўстанцаў ва ўрочышчы Крыжы, прымеркаванае да Дня незалежнасці. Што год такое мерапрыемства адбываецца ў першую нядзелю пасля 27 ліпеня. Гэтым разам акцыя, у выпадку дазволу, павінна адбыцца 30 ліпеня.
[Not a valid template]
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя