Эксперт: Доля рублёвых дэпазітаў працягне расці
У выпадку захавання стабільнасці цэн і валютнага курсу доля рублёвых дэпазітаў у банкаўскай сістэме будзе працягваць павялічвацца, лічыць старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб. Пра гэта ён заявіў, каментуючы апошнія дадзеныя Нацбанка.
Рэгулятар 27 ліпеня паведаміў, што за першую палову 2017 года тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва скараціліся на 2,8%, а рублёвыя павялічыліся на 9,5%. „На дэпазітным рынку захоўваецца тэндэнцыя скарачэння укладаў у замежнай валюце пры росце тэрміновых дэпазітаў у беларускіх рублях, што адлюстроўвае працэсы дэдаларызацыі”, — адзначыла прэс-служба Нацбанка.
„Стабільнасць рубля і зніжэнне інфляцыі ў гадавым вымярэнні спрыяе росту рублёвых укладаў. У той жа час захады Нацбанка па павелічэнні адлічэнняў банкаў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце прыводзяць да зніжэння ставак і прывабнасці валютных дэпазітаў. Таму рост долі рублёвых укладаў у беларускіх банках заканамерны”, — лічыць Іосуб.
На думку эксперта, доля рублёвых укладаў будзе працягваць расці, калі інфляцыя застанецца нізкай, а дэвальвацыйныя працэсы не паскорацца. На гэты момант верагоднасць рэалізацыі валютных рызык адносна нізкая, мяркуе Іосуб.
„Нягледзячы на пастаноўку задачы па росце заробкаў да канца года да 1.000 рублёў, улады на яе выкананне не вылучылі бюджэтнае або эмісійнае фінансаванне. Таму пакуль перадумоў для катаклізмаў на валютным рынку да канца года не бачна і можна чакаць, што прывабнасць рублёвых укладаў на дэпазітным рынку захаваецца”, — адзначыў Вадзім Іосуб.
У чэрвені сярэдняя працэнтная стаўка па новых тэрміновых (безадзыўных) валютных укладах насельніцтва складала 2,2%, па рублёвых (безадзыўных) дэпазітах — 9%.
На 1 ліпеня 2017 года доля рублёвых укладаў насельніцтва ў банкаўскай сістэме дасягнула 26,9% і павялічылася на 7,6 працэнтнага пункта за апошні год.
У мэтах працягу дэдаларызацыі банкаўскіх дэпазітаў 1 ліпеня 2017 года набыло моц рашэнне Нацбанка аб павелічэнні нарматыву адлічэнняў банкаў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце з 11 да 15%.
„Змена нарматыву рэзервавання будзе спрыяць павышэнню прывабнасці зберажэнняў у беларускіх рублях у параўнанні з валютнымі зберажэннямі”, — аргументаваў прынятае рашэнне Нацбанк.