У Пінску адбылася ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя кардынала Свёнтка



У Пінску клуб аматараў польскай літаратуры і гісторыі правёў урачыстае паседжанне з нагоды 100-годдзя першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка (1914-2011).

 Казімір Свёнтак спрыяў наладжванню культурна-асветніцкіх сувязяў Пінска з Польшчай.

Удзельніца клубу, Гэлена Шаламіцкая, якая прайшла праз сталінскія вязніцы, ўзгадвае Свёнтка, як сапраўднага душпастара:

– В 54-м годзе так атрымалася, што наша сям’я блізка з ім пазнаёмілася, бо хрысцілі дзіця. І знаёмыя мы былі шмат гадоў. Ведалі яго і, як чалавека мудрага і ў прыватных справах, а як ксяндза – то і словаў няма – прамаўляў пекныя казанні. Вельмі добра ставіўся да людзей. Вельмі яго шанавалі, вельмі любілі, засталіся найлепшыя ўспаміны пра нашага ксяндза-кардынала.

21 кастрычніка, ў дзень нараджэння іерарха, ў менскім ды пінскім касцёлах Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая Імша ў гонар кардынала.

25 кастрычніка Чырвоны касцёл у Менску арганізоўвае пілігрымку ў Пінск, дзе спачыў кардынал.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя