Медыкі не заўжды ведаюць, як лячыць ахвяру “спайса”
У Пінску, ў параўнанні з мінулым годам, амаль удвая ўзрасла колькасць пастаўленых на ўлік нарказалежных грамадзян. Больш за ўсё інспекцыю па справах непаўнагадовых турбуе тое, што ў гэтай групе павялічыўся адсотак падлеткаў.
Сінтэтычны наркотык, пад агульнай назвай “спайс”, распаўсюджваецца сярод моладзі, як вірус.
Наркагандляры вядуць барацьбу за моладзь, каб пашыраць свой рынак і дастатак, адзначаюць праваахоўнікі.
“Калі не будуць працаваць усе антынаркатычныя інстытуты, то намаганні дзяржавы марныя”, – кажа старшыня Пінскага аддзялення арганізацыі “Мацеры супраць наркотыкаў” Дыяна Ярмалюк:
– Наркапалітыка нашай дзяржавы, гэта як дах, які стаіць не на адным слупе, – гэта і ўмацаванне ўнутранага патэнцыялу маладых людзей, і пастаянна праца наркакантролю – распрацоўкі, як трапляюць гэтыя наркатычныя рэчывы ў краіну, прафілактыка і медыцынскае лячэнне на першых стадыях ужывання. Калі выключыць адзін з фактараў, то і ў праблеме будуць перакосы, якія пасля у краіне не выкараніш. Таму на вайне ўсе сродкі добрыя.
Аднаго ўжывання сінтэтычнага наркотыку дастаткова, каб страціць жыццё альбо здароўе. Медыкі не заўжды ведаюць, як лячыць ахвяру “спайса”, бо хімічны склад наркотыка рэгулярна зменьваецца і нельга выпрацаваць нейкі адзіны комплекс рэабілітацыі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя