200-ы гол Віталя Радзівонава



Пасля некаторага перапынку, звязанага з еўракубкамі, аднавіўся чэмпіянат Беларусі па футболе. У суботу прайшлі 4 матчы 16 тура.

ФК „Віцебск” прымаў на сваім полі „абяскроўленыя” „Крумкачы” і здолеў заваяваць толькі ачко – 2:2. У стане менчукоў зараз вялізныя праблемы, звязаныя з нявыплатай заробку. Клуб адзін за адным пакідаюць мацнейшыя футбалісты. Тым ня менш, нават рэзервовы склад „груганоў” здолеў даць бой віцеблянам. Сустрэча была адзначана неардынарнай падзеяй – брамніку „Крумкачоў” Яўгену Касцюкевічу ўдаўся гол. Галкіпер так моцна выбіў мяч ад сваёй брамы, што той, падхоплены ветрам, пераскочыў праз стража апошняга рубяжа „Віцебска” Дзмітрыя Гушчанку і заляцеў у сетку – здарылася гэта на 55-й хвіліне пры ліку 2:1 на карысць гаспадароў. Той жа Касцюкевіч на 77-й хвіліне быў выдалены з поля, але „Крумкачы” усё ж утрымалі нічыйны лік.

Гарадзенскі „Нёман” на выездзе на залітым дажджом газоне адолеў мазырскую „Славію” – 2:1. Заходнікі адкрылі лік – на 28-й хвіліне радаваўся Андрэй Якімаў. У другім тайме на 75-й хвіліне палешукі высілкамі Вадзіма Курловіча параўнялі лічбы на табло. І ўсё ж апошняе слова засталося за нёманцамі – ужо ў даданы час навабранец каманды, Вячаслаў Глеб, які выйшаў на замену, прынёс гарадзенцам тры ачкі.

Яшчэ адным бенефіцыянтам дня стаў форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў. Чэмпіён краіны на сваім полі ўпэўнена „разабраў на запчасткі” ФК „Гомель” – 3:0. Мячы запісалі на свой баланс Міхаіл Гардзяйчук (30-я хвіліна), Мірка Іваніч (44-я) і Віталь Радзівонаў (59-я). Для апошняга гол стаў 200-ым у залік Клубу беларускіх бамбардзіраў. Забіты мяч быў надзвычай прыгожа – далёкім стрэлам з левай нагі з адскокам ад штангі.

Няўдалым выдаўся дэбют, а дакладней вяртанне ў сваю ранейшую каманду, трэнера Алега Кубарава. Яго жодзінскае „Тарпеда” прайграла ў Менску „Іслачы” – 1:2. У гэтай сустрэчы забівалі толькі футбалісты Віталя Жукоўскага: Дзмітрый Камароўскі (40-я хвіліна) і Артур Слабашэвіч (60-я) у чужую браму, Павел Кірыльчык (74-я) у сваю. „Іслач” патроху выпаўзае са дна турнірнай табліцы.

Верхняя яе частка выглядае зараз так: 1. БАТЭ (16 гульняў) – 36 ачкоў, 2. „Шахцёр” (Салігорск) (15) – 36, 3. „Дынама” (Менск) (15) – 31, 4. „Нёман” (16) – 28, 5. ФК „Слуцк” (15) – 28. 

Беларускае Радыё Рацыя