У Браслаўскім раёне ад удару маланкі загінула 39-гадовая жанчына
У Браслаўскім раёне ад удару маланкі загінула 39-гадовая жыхарка Менска.
Паведамленне пра гібель жанчыны блізу вёскі Кезікі Плюскага сельсавета паступіла ратавальнікам 31 ліпеня ў 16.45.
Як паведаміла прэс-служба Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, некалькі сем’яў з Менска адпачывалі ў нацыянальным парку „Браслаўскія азёры”, на беразе возера Струста. Адпачывальнікі пасля купання ў возеры накіраваліся ў палатку, бо пачаўся моцны вецер і дождж. Калі дзве жанчыны праходзілі ля высокай хвоі, ударыла маланка.
Паводле слоў відавочцаў, верхняя частка маланкі ўдарыла ў верхавіну хвоі і ссекла сук, а ніжняя — у спіну 39-гадовай жанчыны. Яна ўпала, і на ёй загарэлася адзенне. Кранула маланка і другую адпачывальніцу, якая ішла побач. Сябры сталі аказваць дапамогу, але ўдалося выратаваць толькі жанчыну, якая ішла ззаду, паведамілі ў МНС.