Re1ikt сыграе дабрачынны канцэрт у цэнтры Менска
Гурт Re1ikt выступіць з вялікай сольнай праграмай у рамках праекта “Пешеходка” 12 жніўня.
Падчас імпрэзы музыкі плануюць сабраць грошы для клубнага дому «Открытая душа», які ладзіць сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю і падтрымлівае тых, хто пакутуе на псіхічныя захворванні. Уваход на канцэрт вольны.
“Сёлета мы на запрашэнне арганізатараў адкрывалі праект “Пешеходка”, а цяпер нас паклікалі зайграць у Карэтным дворыку і мы вырашылі, што зладзім не проста бясплатны канцэрт для мінчукоў і гасцей сталіцы, але зробім нешта большае”, – кажа лідар Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.
Удзельнікі музычнага калектыву вырашылі дапамагчы людзям, якія змагаюцца з хваробамі псіхікі, прачытаўшы гісторыю пра іх у інтэрнэт-часопісе “Имена”.
Мінскі клубны дом “Открытая душа” створаны ў 2011 годзе грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў». Ва ўстанове людзі, што сутыкнуліся з наступствамі хваробы, атрымліваюць магчымасць вярнуцца ў свет сяброўства, сям’і, працы, занятасці, адукацыі, а таксама атрымаць доступ да сацыяльных паслуг.
Збор грошай для клубнага дома ідзе на сайце часопіса “Имена”. На гэты момант атрымана 7 966 рублёў – гэта 20 % ад патрэбнай сумы.
Гурт Re1ikt неаднаразова быў задзенічаны ў дабрачынных праектах: у межах інфармацыйнай кампаніі супраць хатняга гвалту, якую праводзіла Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, браў удзел у серыі канцэртаў “Больше ни звука”, а таксама быў тварам кампаніі “Зоркі рока супраць СНІДу”, выступаў у дзіцячым доме ў вёсцы Вялікія Лётцы пад Віцебскам, збіраў сродкі для Беларускага дзіцячага хоспіса і Жодзінскага дзіцячага дома.
Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расеі.