У Менску затрымалі банду расейцаў-крадзёжнікаў



Чатыры расейцы і беларус затрыманыя ў Менску па падазрэнні ў крадзяжах грошай з офісных памяшканняў. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі, крадзяжы ўчыняліся з траўня па канец ліпеня.

„Па падазрэнні ва ўчыненні названых злачынстваў аператыўнікамі сталічнага крымінальнага вышуку пры падтрымцы супрацоўнікаў спецпадраздзялення „Алмаз” затрымана група расейцаў (4 чалавекі), а таксама адзін грамадзянін Беларусі, які жыў у Маскве і які выконваў ролю кіроўцы і „гіда” па вуліцах Менска. Паводле дадзеных следства, за сваю працу мужчына атрымліваў узнагароду”, — гаворыцца ў паведамленні.

У кожным выпадку падазраваныя пранікалі ў офісныя памяшканні, узломваючы дзверы і шклопакеты, а пасля гэтага ўскрывалі сейфы і забіралі адтуль грашовыя сродкі.

Паводле інфармацыі СК, першае злачынства было ўчынена 30 траўня ў адміністрацыйным будынку па вуліцы Сцебянёва, куды падазраваныя праніклі, пашкодзіўшы аконную раму і ўзламаўшы ўваходныя дзверы офісных памяшканняў. Больш за тое, металічным прадметам яны ўдарылі па галаве вартаўніка і звязалі яго. З сейфаў падазраваныя выкралі больш за 7 тыс. даляраў ЗША.

Прыкладна праз два тыдні на той жа вуліцы ў Менску з аналагічных офісных памяшканняў быў учынены крадзеж 22 тыс. беларускіх рублёў.

Гэтая ж група асоб падазраецца ў выкраданні больш за 5 тыс. даляраў ЗША ў ноч з 26 на 27 ліпеня ў Менску з офісных памяшканняў адміністрацыйнага будынка па вуліцы Бабушкіна.

„Да нядаўняга часу следчымі сумесна з аператыўнымі службамі вялася скрупулёзная праца па вышуку падазраваных, якія на днях былі затрыманыя з доказамі злачынства пасля ўчынення чарговага „налёту” па вуліцы Карвата ў Менску. Там яны з офісных памяшканняў выкралі больш за 1.800 даляраў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас агляду аўтамабіля, на якім перамяшчаліся падазраваныя, былі знойдзеныя выкрадзеныя грошы, а таксама адзенне, у якім учыняліся супрацьпраўныя дзеянні.

У паведамленні адзначаецца, што пры выяўленні фактаў крадзяжу маёмасці следча-аператыўнай групай пры правядзенні агляду месцаў здарэнняў былі канфіскаваныя сляды рук і абутку, транспартнага сродку, узлому, а таксама біялагічныя і адаралагічныя сляды, па якіх следчымі быў прызначаны шэраг экспертыз.

Цяпер падазраваныя правяраюцца на дачыненне да аналагічных злачынстваў у іншых рэгіёнах краіны, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці.

belapan.com