У Беластоку ўшанавалі памяць паўстанцаў 1944



Палякі адзначаюць 73 гадавіну выбуху Варшаўскага паўстання супраць нямецкіх акупантаў. Камандаванне Арміі Краёвай хацела вызваліць Варшаву ад нацыстаў да ўваходу саветаў.

Пасля выбуху паўстання Чырвоная армія прыпыніла наступленне, а Сталін паслядоўна адмаўляўся дапамагчы палякам. У гонар паўстанцаў а 17-й гадзіне ва ўсёй Польшчы прагучыць сігнал трывогі. Кажа ўдзельнік паўстання Мечыслаў Урачыньскі:

– Накіраваліся з сябрам праз прабіты ўначы паміж падваламі камяніцаў праход на вуліцу Садовую. Выйшлі на садовую, а там небывалая радасць, паўсюдна польскія сцягі, некаторыя жаўнеры ў польскіх даваенных мундзірах. Людзі з вялікім энтузіязмам будавалі барыкады.

Варшаўскае паўстанне працягвалася 63 дні да 3 кастрычніка 1944 года. У гэты час загінула 16 тысяч польскіх жаўнераў і каля 200 тысяч цывільных. У выніку паўстання нямецкія войскі разбурылі большую частку Варшавы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара