Урад заявіў пра невыкананне плана росту даходаў насельніцтва



Урад заявіў пра невыкананне плана па росце даходаў насельніцтва ў першым паўгоддзі.

З сямі найважнейшых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым паўгоддзі не выкананы адзін — рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва, заявіў прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў 1 жніўня на пасяджэнні Савета міністраў.

„Не выконваецца толькі адзін паказчык па рэальных наяўных даходах насельніцтва, хоць таксама мае тэндэнцыю росту, — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба ўрада. — Пры гэтым рэальная заработная плата ў студзені—траўні вырасла на 2%, і гэты рост цалкам забяспечаны ростам прадукцыйнасці працы (за пяць месяцаў 102,7%). Варта зазначыць, што на паказчык па даходах насельніцтва ўплывае не толькі ўзровень заробкаў і пенсій, але і зніжэнне ставак па банкаўскіх дэпазітах, дзе раней фізічныя асобы „зараблялі” на высокіх стаўках, а эканоміка пры гэтым не мела прымальных па кошце рэсурсаў. Зараз крэдытна-дэпазітны рынак балансуецца і паступова пераходзіць у нармальнае рэчышча”.

Прэм`ер-міністр паведаміў, што для выхаду да канца года на запланаваны ровень заработнай платы (1.000 рублёў у сярэднім па краіне) Мінпрацы з зацікаўленымі распрацавалі графік. У чэрвені намінальная заработная плата склала 819,3 рубля, адхіленне ад графіка склала 1% (9 рублёў).

belapan.com