У Беларусі знік расейскі дысідэнт
Расейскі апазіцыйны палітык Уладзімір Ягораў, які спрабаваў схавацца ад пераследу на тэрыторыі Беларусі, знік 29 ліпеня, і дагэтуль ягонае месцазнаходжанне невядомае. Пра факт знікнення апазіцыянера паведамляе Радыё Свабода.
Супрацоўнікі беларускага хостэлу, у якім жыў Уладзімер Ягораў, паведамілі праваабаронцам, што па яго прыйшлі «камітэтчыкі». «Гэта падобна да справы Мурада Амрыева», — кажа беларуская праваабаронца Наста Лойка.
Расейскі апазіцыйны палітык Уладзімір Ягораў. Фота: kp.ua
Супраць Ягорава, які жыве ў горадзе Тарапец Цьвярской вобласці Расеі і ўзначальваў мясцовае аддзяленьне партыі «Яблоко», была заведзеная крымінальная справа за пост «экстрэмісцкай скіраванасці» у сацыяльнай сетцы.
«У Расеі цяпер хваля завядзення крымінальных спраў за рэпосты, якія нібыта ўтрымліваюць экстрэмізм, — апавядае праваабаронца арганізацыі Human Constanta Наста Лойка. — Шмат актывістаў трапілі пад яе. Супраць Уладзімера Ягорава, які займаўся расследаваннем карупцыйных спраў, было шмат спроб пераследу ў розных формах. У яго два разы спрабавалі падпаліць дом, сачылі за ягонымі пастамі ў сацсетках. І вось адзін з пастоў аднеслі да „экстрэмізму“, завялі крымінальную справу».
Ад пераследу палітык спрабаваў схавацца ва Украіне, дзе папрасіў статусу ўцекача. Аднак нібыта супрацоўнікі СБУ вывезлі яго на нейтральную паласу паміж пунктамі пропуску Сянькоўка (Украіна), Новыя Юркавічы (Расея) і Весялоўка (Беларусь).
«Мяне, папраўдзе, нашмат больш турбуе тое, што зь ім адбылося ў Беларусі, — кажа Наста Лойка. — Супрацоўнікі хостэлу, у якім жыў Ягораў, паведамілі праваабаронцам, што па яго прыйшлі «камітэтчыкі» і пасля гэтага ён знік. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 31 ліпеня Уладзіміра Ягорава асудзілі ў судзе Кастрычніцкага раёну Менска за «хуліганства» на двое сутак. Асудзілі яго нібыта ў ягоную адсутнасць, вызначыць ягонае цяперашняе месцазнаходжанне таксама не ўдаецца».
«Я, канечне, бачыла рознае. Як людзей у хуткім рэжыме судзілі і на роўным месцы давалі па 15 сутак за што заўгодна. Але такога, што чалавека судзяць у ягоную адсутнасць, ён фізічна нідзе не з’яўляюцца, яго няма ані ў якіх ізалятарах і ўсе дзяржаўныя органы адхрышчваюцца і кажуць, што ў нас такога няма, з такім я сутыкаюся ўпершыню».
Наста Лойка кажа, што паводле міграцыйнага заканадаўства Ягораў мог знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі да 90 дзён. Нават калі б беларускія ўлады вырашылі правесці працэдуру высылкі, то Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі мусіць гэта пацвердзіць.
«Тут жа ані раённы АГІМ, ані прэс-служба МУСу не пацвердзілі, што такое рашэнне было. І незразумела, дзе ён зараз знаходзіцца. Незразумела, чаму суд адбыўся без яго. Я ўпэўненая, што гэты суд па надуманай прычыне і не звязаны з лаянкай і чымсьці падобным», — кажа Лойка.
Паводле яе, у Беларусі Ягораў чакаў афіцыйнага пацверджання ад памежных службаў Украіны пра свой статус. У выпадку, калі яму ўезд ва Украіну яму не забаронены афіцыйна, ён меркаваў выехаць туды.
«Але беларускія ўлады, як заўжды, усіх перайгралі, і я вельмі хвалююся за ягоны лёс. Ёсць вялікая верагоднасць, што ён некалькі гадоў можа правесці ў расейскай турме проста на роўным месцы», — кажа Наста Лойка.
«Для мяне самае страшнае, што мы яго фізічна не знайшлі. Страшна ўявіць, што з ім зараз можа адбывацца і дзе ён цяпер. Бо ягонаму расейскаму адвакату ў выпадку яго знаходжання ў Расеі павінны былі паведаміць пра гэта. Але гэтага не адбылося яшчэ», — кажа праваабаронца.
Наста Лойка сьцьвярджае, што сітуацыя з Уладзімірам Ягоравым вельмі падобная да справы Мурада Амрыева.
«Там вельмі падобная сітуацыя была, калі ў Добрушы было мала інфармацыі, не пускалі да яго адваката, ігнаравалі статус уцекача, не тлумачылі, што за працэдура. Толькі ў выніку нашых настойлівых запытаў мы даведаліся, што гэта працэдура высылкі, — тлумачыць Наста Лойка. — І я не выключаю, што ў сітуацыі Ягорава празь нейкі час таксама паведамяць пра працэдуру высылкі».
Уцякач з Чачні Мурад Амрыеў быў затрыманы 7 чэрвеня ў 17:24 у пункце пропуску «Весялоўка» Гомельскай памежнай групы на выездзе з Беларусі ва Украіну. Ён быў высланы зь Беларусі пад канвоем 9 чэрвеня на прадпісанне Генпракуратуры. Паводле расейскіх СМІ, беларускія структуры «не атрымлівалі» прашэння Амрыева аб палітычным прытулку, якое Амрыеў пісаў у дзень затрымання. У Генпракуратуры Беларусі заявілі, што перадача затрыманага 9 чэрвеня не ёсць экстрадыцыяй: перадачай займаліся органы ўнутраных спраў.