Аляксандр Ярашук: Кіраўніцтва прафсаюза РЭП само моцна “падставілася”
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук лічыць, што кіраўніцтва прафсаюза РЭП само моцна «падставілася».
Ярашука дапыталі следчыя Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Ён праходзіць ў якасці сведкі па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў яго калегамі з прафсаюза РЭП. Па словах Ярашука, следчыя цікавіліся сумесным праектам прафсаюза РЭП і Беларускага незалежнага прафсаюза з прафсаюзам Даніі “3F”. У каментары Еўрарадыё Ярашук заявіў:
«Сёння мне сітуацыя нібыта дыктуе казаць, што “крывавы рэжым” наехаў на маіх людзей, на маю арганізацыю, але трэба быць аб’ектыўным. Я не магу сёння казаць пра “крывавы рэжым” і “белых і пухнатых” маіх калег. Наламалі яны дроў».
Разам з тым лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў не выключае, што штуршок усёй справе магла даць актыўная роля прафсаюза РЭП падчас антыдармаедскіх акцыяў. Як паведамлялася, у менскім офісе прафсаюза РЭП адбыўся ператрус. Старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч затрыманы. У гэты ж дзень прайшоў ператрус і ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў у Салігорску.