Генадзь Фядыніч і Наталля Пічужкіна адпушчаныя на волю



Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і былы рэдактар прафсаюзнага сайта praca-by.info Наталля Пічужкіна адпушчаныя на волю пасля допыту, паведаміў актывіст прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак у сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

Паводле яго слоў, галоўны бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік адпраўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.

2 жніўня прайшлі вобыскі ў офісе прафсаюза, а таксама дома ў Фядыніча, Комліка і Пічужкінай. У офісе былі канфіскаваныя электронныя носьбіты, жорсткія дыскі камп’ютараў і дакументацыя.

Акрамя таго, ператрус прайшоў у офісе Беларускага незалежнага прафсаюза. Супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю канфіскавалі ноўтбукі і жорсткія дыскі камп’ютараў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што пачата крымінальная справа ў дачыненні да Фядыніча і Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў. Як адзначаецца ў прэс-рэлізе КДК, падчас праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі „з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)”.

„Пры гэтым службовыя асобы прафсаюза парушылі патрабаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой. Такім чынам яны спрабавалі ўтаіць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго названыя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

belapan.com