Дзесяць гадоў таму была забіта журналістка Вераніка Чаркасава (абноўлена)



Споўнілася дзесяць гадоў, як у Менску была па-зверску забітая карэспандэнтка газеты „Салідарнасць” Вераніка Чаркасава. З гэтай нагоды могілкі у Калодзішчах, дзе пахаваная журналістка, наведалі сваякі і калегі Веранікі. Стрыечная сястра Веранікі, рэдактар ​​сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Бабак адзначыла, што кожны год яна як сястра і журналістка павінна асвятляць гэтую сумную дату. З аднаго боку, казаць пра гэта балюча, а з другога – калі не казаць, то нічога не зменіцца, і мы так і не даведаемся, што адбылося ў той дзень. А так застаецца надзея, пакуль журналісты гэтую тэму закранаюць і падымаюць. “У працы яна была проста зоркай,” – узгадвае сваю сястру Вольга Бабак.

–    Дастаткова пачытаць, пагартаць кнігу, якую сваякі і сябры яшчэ ў 2005 годзе склалі. І гэты зборнік сёлета дзякуючы дапамозе праваабаронцаў атрымалася перавыдаць. Гэта сапраўды ўзровень. Тут самыя розныя тэмы, і даследаваныя яны такім чынам, што іх можна лічыць дакументам. Яна заўсёды вельмі адказна ставілася да працы, правярала кожны факт, пра які пісала. Магчыма, вось такое стаўленне да працы і зрабіла яе небяспечнай для кагосьці.

Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 нажавых удараў. Следства з самага пачатку разглядала асноўнай версіяй забойства на бытавой глебе, але калегі Чаркасавай лічаць, што яе забойства з вялікай доляй пэўнасці магло быць звязанае з прафесійнай дзейнасцю.

Паводле БелаПАН

* * *

Дзесяць гадоў таму па-зверску была забіта карэспандэнтка газеты „Салідарнасць” Вераніка Чаркасава, злачынца да гэтага часу не знойдзены. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Менску Аляксандр Герасімаў, расследаванне крымінальнай справы па факце забойства журналісткі прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да крымінальнай адказнасці. „Але прыпынена не азначае закрытая”, – адзначыў прадстаўнік Следчага камітэта па Менску і дадаў, што пэўныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па гэтай справе не спыняліся.

Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 нажавых удараў. Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак следства першапачаткова разглядала ў якасці асноўнай версію забойства на бытавой глебе. Падазронымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. У красавіку 2005 года падазрэнне з іх знялі.

Калегі Чаркасавай лічаць, што яе забойства з вялікай доляй верагоднасці магло быць звязанае з прафесійнай дзейнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота krynitsa.info