Пераслед незалежных прафсаюзаў можа прывесці да ізаляцыі Беларусі
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі лічыць, што пераслед незалежных прафсаюзаў можа прывесці да працягу палітычнай і эканамічнай ізаляцыі Беларусі з боку Захаду. Па меркаванні палітыка, беларускія ўлады скарысталіся пагадненнямі паміж Беларуссю і краінамі Еўразвязу аб абмене банкаўскай інфармацыяй, але ў сваіх мэтах.
– Гэта пагадненне заключана з Рэспублікай Беларусь цывілізаванымі краінамі не дзеля таго, каб на падставе гэтага пагаднення знішчаліся палітычныя апаненты. Трэба даць ацэнку, што, па-першае, атака на незалежныя прафсаюзы ёсць мэтай знішчыць апошнія незалежныя прафсаюзы ў Беларусі. Па-другое, беларускія спецслужбы скарысталіся эканамічным пагадненнем паміж ЕЗ і Беларуссю дзеля знішчэння палітычных апанентаў.
Наступствы ад гэтай рэпрэсіўнай акцыі могуць стаць вельмі адмоўнымі для краіны. Калі дыялог паміж беларускім рэжымам і краінамі Захаду вядзе да працягу рэпрэсій, то можа ўзнікнуць пытанне аб яго мэтазгоднасці. Таму працэс падпісання новых пагадненняў, якія спрыяюць выхаду Беларусі з палітычнай і эканамічнай ізаляці, можа спыніцца. Відавочна, што ініцыятары пераследу незалежных прафсаюзаў нясуць адказнасць за магчымы працяг ізаляцыі Беларусі ў складаных эканамічных умовах. Таму, па меркаванню Віталя Рымашэўскага, менавіта іх і трэба прыцягнуты да адказнасці.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя