У Полацку – унікальная выстава сучасных ікон



Выстава сучасных ікон “Апакаліпсіс” падрыхтавана па выніках працы Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў горадзе Навіцы (Польшча) у 2016 годзе.

Навіцы — горнае паселішча ў Малапольскім ваяводстве Польшчы, паблізу мяжы са Славакіяй. Міжнародныя семінары па іканапісу праходзяць тут з 2009 года па ініцыятыве арганізатара арт-праектаў Матэвуша Соры (Варшава) і загадчыка кафедры сакральнага мастацтва Львоўскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў прафесара Рамана Васіліка. Падтрымку арганізатарам аказвае майстэрня Віктара Доўнара Ikonique (Менск). Майстар-класы збіраюць удзельнікаў з Польшчы, Славакіі, Украіны, Беларусі.

Асноўнай адпраўной кропкай для ўдзельнікаў VIII міжнароднага іканапіснага пленэру ў Навіцы стала тэма Апакаліпсісу, разгорнутая ў тэкстах кнігі Адкрыццё св. Іаана. Больш за 30 мастакоў-іканапісцаў з Украіны, Беларусі і Польшчы імкнуліся ў сваёй творчасці дасягнуць няпростай мэты – дакрануцца да таямніцы і вышыні Боскага горняга свету, апусціцца ў змрочныя бездані Пекла і стаць відавочцамі перамогі дабра і праўды над злом.

У арганізацыі выставы аказаў дапамогу Польскі інстытут.

Выстава будзе працаваць да 20 жніўня.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы