Міжнародны прафсаюз IndustriALL асудзіў затрыманні кіраўнікоў прафсаюза РЭП



Міжнародны прафсаюз IndustriALL асуджае затрыманні кіраўніцтва прафсаюза РЭП, гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце арганізацыі.

„IndustriALL рашуча асуджае адвольнае затрыманне незалежных прафсаюзных лідараў і заяўляе пра сваю салідарнасць з імі, — заявіў генеральны сакратар міжнароднага прафсаюза IndustriALL Вальтэр Санчэс. — Гэта атака на незалежны прафсаюзны рух у Беларусі. Мы не збіраемся сядзець і чакаць, пакуль прыгнятаюць нашых братоў і сясцёр. Беларусь на працягу многіх гадоў трапіў пад пільную ўвагу міжнароднай супольнасці менавіта з-за парушэнняў правоў прафсаюзаў і працоўных”.

Санчэс падкрэсліў, што аб здарэнні праінфармаваная Міжнародная арганізацыя працы.

Як паведамлялася раней, Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) распачаў крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў. Яны абвінавачваюцца ў тым, што ў „мэтах асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)”.

Фядыніч і Комлік былі затрыманыя 2 жніўня і дастаўленыя на допыт у КДК. Фядыніча пасля допыту адпусцілі, Комлік адпраўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

3 жніўня Фядыніч паведаміў журналістам, што яму назвалі памер нявыплачаных падаткаў — 22 тыс. дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Суму даходу яму не назвалі.

„Але я падаткі заўсёды плаціў і плачу. Ніякіх лішніх грошай не меў і не маю”, — заявіў Фядыніч.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўналі са справай кіраўніка закрытага ўладамі цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе.

Праваабарончыя арганізацыі таксама заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаюць яго ў якасці палітвязня і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Адначасова аўтары заявы запатрабавалі „спыніць націск на незалежны прафсаюзны рух” і заклікалі „адмовіцца ад неправамернага ўмяшання” ў яго дзейнасць. БелаПАН