Аляксандр Ярашук: Абвінавачванні ўладаў не маюць пад сабой падставаў
11 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай, у якой патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць крымінальны пераслед кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Федыніча ды Ігара Комліка. Апошні знаходзіцца за кратамі, яго ўжо лічаць палітвязнем. Яны абвінавачваюцца ў тым, што “ад імя прафсаюзаў адкрылі рахункі ў замежных банках, на якія паступалі буйныя сумы грошай”.
Тым часам, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук публічна выказаўся ў некаторых СМІ, што, маўляў, “РЭП сам падставіўся”.
– Трэба ўяўляць, колькі небяспекі, пагроз прынёс гэты сумнавядомы праект, які ажыццяўляўся з боку дацкага ўраду праз міністэрства замежных спраў, праз дацкі прафсаюз “3F” на юрыдычную дапамогу, на інфармацыйную палітыку, на вучобу. Міжнародная арганізацыя працы, міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў адразу засведчылі небяспеку гэтага праекта і звольніла чалавека, які прынёс праект на Беларусь, каб ён не нёс пагрозу канфлікту, сепаратызму і расколу.
РР: Тое, што робяць з гэтага лакальнага і ўнутранага прафсаюзнага канфлікту беларускія ўлады, 11-цю незалежнымі праваабарончымі арганізацыямі названа як „атака на незалежныя прафсаюзы”, і звязана з іх грамадскаю актыўнасцю і імкненнем уладаў запалохаць арганізацыі грамадскай супольнасці ў Беларусі.
Аляксандр Ярашук: Абсалютна правільная ацэнка. Улады груба парушылі закон Рэспублікі Беларусь аб прафесійных саюзах і Канвенцыю МАП №87 аб свабодзе асацыяцый, дзе гаворыцца аб недатыкальнасці офісаў прафсаюзаў. Яны не мелі права на токое ўварванне.
РР: Унутраны прафсаюзны канфлікт уладамі сёння выносіцца як крымінальная справа і магчымасць для перследу незалежнага прафсаюзнага руху.
Аляксандр Ярашук: Дзейнасць прафсаюзаў моцна непакоіць беларускі рэжым. Абвінавачванні ўладаў не маюць пад сабой ніякіх падстаў.
Камітэт дзяржаўнага кантролю пачаў крымінальную справу ў дачыненні да старшыні Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара, кіраўніка сталічнай арганізацыі Ігара Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.