Затрыманага ў «справе прафсаюзаў» Ігара Комліка перавялі на Валадарку
Ігара Комліка перавялі на Валадарку. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Мікалай Герасіменка.
Ігар Комлік — галоўны бухгалтар і старшыня Менскай гарадской арганізацыі прафсаюзу РЭП. Яго затрымалі 2 жніўня паводле крымінальнай справы за нясплату падаткаў і змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Паводле закону, праз 72 гадзіны затрыманага належыць або адпусціць, або вызначыць яму далейшую меру стрымання. У дачыненні да Ігара Комліка такой мерай стала змяшчэнне пад варту ў Следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Праваабарончыя арганізацыі яшчэ 3 жніўня заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем.
Паводле праваабаронцаў, пачатая супраць прафсаюзных лідэраў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыцьцяўленнем права на свабоду асацыяцый.