Касцёл Перамянення Панскага ў Германавічах



230 гадоў адзначыў касцёл Перамянення Панскага ў Германавічах Шаркоўшчынскага раёна. Храм у стылі віленскага барока будаваўся на працягу сямнаццаці год. Пачалося будаўніцтва ў 1770 годзе і было скончана ў 1787. Пабудаваны з цэглы на грошы фундатара і ўладальніка маёнтка ў Германавічах Ігнацыя Шырына.

Самы вялікі прыход быў у другой палове ХІХ стагоддзі, каля трох тысяч вернікаў. У XIX стагоддзі расейскія ўлады знішчалі або перараблялі ў праваслаўныя цэрквы ўсе іншыя храмы. Германавіцкія каталіцкія храмы і капліцы таксама. Але храм Перамянення Панскага заставаўся адзіным каталіцкім храмам мястэчка.

У 1918 годзе 6 і 7 жніўня ў Германавічах сабраўся дэканальны з’езд каталіцкага духавенства, які вырашаў свае дэканальныя справы і будучыню Каталіцкага Касцёла пры савецкай уладзе. Было адзначана, што набажэнствы трэба весці на беларускай мове і вучыць дзяцей у беларускамоўных школах.

Але ўсё ж у 1948 годзе касцёл саветы зачынілі, будынак быў прыстасаваны пад гаспадарчыя патрэбы. Там захоўвалася збожжа, у закрыстай быў млын. І толькі праз сорак год касцёл быў вернуты вернікам, 31 кастрычніка 1988 года ён быў паўторна асвечаны. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, былі ўкладзеныя вялікія сродкі парафіянаў, ксяндзоў і вернікаў іншых парафій, каб аднавіць касцёл.

Зараз у германавіцкай парафіі ўжо восьмы год служыць пробашч Ян Пугачоў і прыход складае каля пяцісот вернікаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя