Сяргей Антончык: Грамадскія арганізацыі – пад спецыяльным кантролем
Сваё бачанне сітуацыі вакол “справы прафсаюзаў” выказаў былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі і прафсаюзны лідар Сяргей Антончык.
Сяргей Антончык: Мне падаецца, што зараз незалежныя прафсаюзы працуюць без асаблівага ўмяшальніцтва ў палітыку і ніякай вялікай небяспекі для ўлады не нясуць. Можа быць, варта адзначыць актыўнасць лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча напярэдадні і падчас вясновых акцый супраць дэкрэта аб “дармаедах”, але іншыя структуры незалежных прафсаюзаў заставаліся па-за палітычнымі працэсамі. Акрамя таго, я заўважыў, што ўлады нярэдка дзейнічаюць па адных і тых жа схемах. Калі ў нейкіх незалежных структурах з’яўляюцца грошы, то дзяржава іх стараецца прыбраць да сябе. А прафсаюзная дзейнасць заўсёды звязана з салідарнай дапамогай. Гэта нармальная практыка, тут няма нічога заганнага, але, калі ў такой структуры назапашваюцца пэўныя сродкі, якія можна накіраваць на салідарную дапамогу людзям, то не выключаю, што пэўныя людзі дакладваюць пра гэта “куратарам”, і пачынаецца працэс забрання грошай. Тое самае было і ў справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага. А забраць грошы вельмі проста – праз тыя законы, што сама ўлада і напісала.
РР: Алесю Бяляцкаму далі рэальны тэрмін зняволення, а Генадзя Фядыніча адпусцілі на час следства на волю…
Сяргей Антончык: Па-першае, праваабарончы цэнтр “Вясна”, якім кіраваў Бяляцкі, быў для ўладаў даволі небяспечны, бо фіксаваў усе парушэнні правоў чалавека і меў дастатковы ўплыў на міжнародную палітыку. Да таго ж, зараз іншая знешнепалітычная сітуацыя. І Фядыніча, як мне падаецца, адпусцілі ў першую чаргу таму, каб не вельмі злаваць Еўропу. Пакінуць лідара прафсаюза РЭП за кратамі – гэта была б дастаткова небяспечная гульня з міжнароднымі прафсаюзамі. Таму яго адпусцілі, каб паказаць, што праводзіцца толькі крымінальнае расследванне, а палітыкі тут, маўляў, няма.
РР: Ваш прагноз па гаэтай справе?
Сяргей Антончык: Мне падаецца, што на гэты момант для ўлады галоўнае – забраць прафсаюзныя сродкі. І, натуральна, разам з гэтым яшчэ раз запалохаць іншых. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што існуе спецыяльны кантроль за грамадскімі арганізацыямі, і праз забранне сродкаў блакуецца іх дзейнасць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя