Свабоду не тром, а 11-ці палітвязням!
У менскай сядзібе БНФ адбылася прэс-канферэнцыя форуму “Свабоду палітвязням!”, прысвечаная сітуацыі з 11 асобамі, што, паводле прысутных каардынатараў Паўла Севярынца ды Ганны Шапуцькі, сядзяць за кратамі па палітычных матывах і мусяць мець статус палітзняволеных. Таксама ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел маці рэпрэсаваных сыноў – спадарыні Яўгенія Жаўнова ды Раіса Валавік.
Вёў прэсавую канферэнцыю “Свабоду палітвязням!” Павал Севярынец:
– У Форуме “Свабоду палітвязням!” прымаюць удзел вядучыя палітычныя партыі, грамадскія рухі, асабіста там прысутнічаюць Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, АГП, БХД і БНФ. Акрамя таго там прысутнічаюць такія праваабаронцы як Міхаіл Пастухоў – адзін з лепшых незалежных юрыстаў. Гэтыя людзі павінны быць прызнаныя палітвязнямі і ў агульнабеларускім, і ў еўрапейскім маштабе. Яны павінны быць вызваленыя!
Мы патрабуем, каб еўрапейцы паставілі ўмову дыялогу з рэжымам Лукашэнкі – адсутнасць палітвязняў і спыненне ўсялякіх рэпрэсій.
Валанцёрка форуму, кінадкументалістка Вольга Нікалайчык абурылася дзеяннямі невядомых, што ўначы навесілі звонку замок на дзверы яе дома – так што працяглы час яна не магла выйсці з хаты.
Каардынатары форума “Свабоду палітвязням” выказалі намер выходзіць наўпрост на міжнародныя праваабарончыя арганізацыі для надання статусу палітвязняў названым на прэс-канферэнцыі 11 асобам, а таксама арганізацыі прававой і фінансавай дапамогі ім.
Павел Севярынец:
– Праваабаронцы прызнаюць трох палітвязняў. Мы ж прызнаём палітвязнямі 11 чалавек: Алеся Юркойця, чатырох антыфашыстаў: Вадзіма Бойку, Іллю Валовіка, Філіпа Іванова і Дзмітрыя Цехановіча, Ірыну Моцную – жанчыну, якая мела прыёмных дзяцей, Аляксея Жаўнова, а таксама Міхаіла Жамчужнага, Зміцера Паліенку і Ігара Комліка, якіх прызнаюць і афіцыйныя праваабаронцы.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.