Правацэнтрысты створаць альтэрнатыву дэкрэту №3



Правацэнтрысцкая кааліцыя рыхтуе альтэрнатыву дэкрэту №3, які ў народзе завуць “дэкрэтам аб дармаедах”. Адначасова і ўлады кажуць пра распрацоўку абноўленага дэкрэту. Але па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, улада і правацэнтрысты прынцыпова разыходзяцца ў падыходах да гэтай праблемы. Улада робіць стаўку на татальны кантроль і запалохванне. А правацэнтрысты – на ініцыятыву, канкурэнцыю, прыватную ўласнасць, абарону права кожнага грамадзяніна.

– Калі ў першай палове 2017 года мы асноўны акцэнт рабілі на супрацьдзеянні дэкрэту, на прывядзенні доказаў, аргументаў чаму яго нельга прымаць, на арганізацыю пратэстаў і крытыку, то зараз асноўны акцэнт мы робім на пазітыўную альтэрнатыву, якую прапануе правацэнтрысцкая кааліцыя. Другі аспект, на які мы звяртаем увагу, – мы будзем прапаноўваць арганізаваць агульнабеларускую дыскусію па гэтай праблеме.

Анатоль Лябедзька сказаў, што падчас гэтай дыскусіі грамадзяне змогуць выказацца як аб абноўленай рэдакцыі дэкрэту №3, якую прапануюць улады, так і аб прапановах правацэнтрысцкай кааліцыі.

Дэкрэт №3 павінен быць адменены, – лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Гэты дэкрэт, як сказала Канапацкая, супярэчыць не толькі Канстытуцыі Беларусі і міжнародным законам, якія ратыфікаваны ўрадам краіны, але ён не вырашае нават тых задач, якія заяўлены стваральнікамі гэтага дэкрэту:

– Сёння ў Беларусі няма ні 300, ні 500 тысяч працаздольных сацыяльных утрыманцаў. Сёння ў Беларусі сотні тысяч людзей, якія не могуць знайсці сабе працу, каб забяспечыць сваю сям’ю, працуючы на дзярпрадпрыемствах. Што мы можам прапанаваць? Многія людзі вымушаныя шукаць працу за мяжой. Значыць, наша асноўная задача – іх вярнуць. Шмат беларусаў працуюць у цені, мы мусім  вывесці эканоміку з ценю.

Трэба ствараць умовы, каб плаціць падаткі было выгодна. Неабходна дапамагчы самазанятым грамадзянам легалізаваць сваю працу. Трэба ўзмацніць барацьбу з карупцыяй, дэбюракратызаваць дзяржаўны апарат, увесці электроннае дэклараванне ўсіх даходаў, асабліва дзяржаўных чыноўнікаў, дэпутатаў. Неабходна падтрымаць сярэдні і дробны  бізнес, стварыць аблегчаныя ўмовы для яго стварэння, – лічыць Ганна Канапацкая. І гэтыя, і іншыя прапановы акумулюцца ў адмысловай працоўнай групе, якая павінна выпрацаваць альтэрнатыву ўладнаму дэкрэту, – паведаміла Ганна Канапацкая.

Ужо да  сярэдзіны верасня павінен адбыцца круглы стол, на якім прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі прадставяць агульнае бачанне альтэрнатывы дэкрэту №3. Зараз над гэтымі прапановамі працуе адмысловая экспертная група. Але і кожны грамадзянін Беларусі можа ўнесці свае прапановы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя