Віталь Рымашэўскі: Улада заганяе беларусаў у жабрацтва



Як лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, праўкі, унесеныя ўладамі ў дэкрэт №3, не змянілі яго сутнасці. „А яна заключаецца ў тым, што самыя бедныя слаі беларускага насельніцва ставяцца перад выбарам, – альбо плаціць за адукацыю сваіх дзяцей, за медыцынскае абслугоўванне, альбо ісці працаваць за жабрацкія заробкі на дзяржаўныя прадпрыемствы. Здаецца, выбар ёсць, але па сутнасці яго няма – улада заганяе беларусаў у жабрацтва, – мяркуе Віталь Рымашэўскі:

– Гэта не ўратуе беларускую сістэму, можа адцягне яе смерць на адзін год. Але, па-першае, пазбавіць Беларусь альтэрнатывы эканамічнага развіцця, а па-другое, створыць умовы для сацыяльнага выбуху, для новых масавых пратэстаў людзей, таму што сёння яны пастаўленыя перад выбарам, што ім няма за што карміць свае сем’і. Менавіта таму яны з’язджаюць за мяжу. У нас ёсць шэраг мераў, якія мы прапануем, як правацэнтрысцкая кааліцыя. Да 1 верасня мы ўключым туды ўсе прапановы, якія паступяць ад людзей з рэгіёнаў.

Сутнаснае адрозненне падыходаў правацэнтрысцкай кааліцыі пры распрацоўцы пазітыўнай альтэрнатывы дэкрэту №3 ад падыходаў улады ў тым, што  правацэнтрысты перш за ўсё хочуць пачуць і ўлічыць меркаванні і інтарэсы людзей, – кажа Віталь Рымашэўскі. Таксама палітык падкрэсліў, што правацэнтрысты заклікаюць прадстаўнікоў улады ўдзельнічаць у працы круглых сталоў па абмеркаванн альтэрнатывы дэкрэту №3. Гэтыя мерапрыемствы плануецца правесці ў тых гарадах, дзе адбыліся моцныя пратэсты супраць дэкрэту №3.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя