Жыхары Гомеля пратэстуюць супраць ушчыльнення



Жыхары вуліцы Цімафеенкі ў Гомелі выступаюць супраць ушчыльнення — будаўніцтва паміж іх дамамі, на зялёнай зоне, новага шматпавярховага дома. 8 жніўня яны правялі стыхійны сход.

Як стала вядома мясцовым жыхарам, адміністрацыя Чыгуначнага раёна зноў праводзіць грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі шматпавярховага жылога дома. У 2015 годзе жыхары вуліцы Цімафеенкі сабралі больш за 700 подпісаў пад калектыўным зваротам да ўладаў з заклікам не праводзіць ўшчыльненне забудовы. На сустрэчы ў гарвыканкаме ў 2015 годзе ініцыятыўная група паказала на шэраг недахопаў, якія адмоўна адаб’юцца на сітуацыі ў раёне. Тады праблема не была вырашаная на карысць гараджан, і цяпер улады зноў абвясцілі пра намер пабудаваць дом.

8 жніўня жыхары зноў збіралі подпісы пад калектыўным зваротам да ўладаў. Яны паказвалі, што пры будаўніцтве будзе парушанае заканадаўства (горадабудаўнічыя і санітарныя нормы), будзе знішчаная зялёная зона, дзеці пазбавяцца гульнёвай пляцоўкі, узрасце нагрузка на старыя камунікацыі, і гэтак далей.

„Хоць бы нешта засталося нашым дзецям, хоць нейкі зялёны аазіс сярод усёй гэтай колькасці дамоў. У нас стары раён, стаяць пяціпавярховыя дамы, якія апынуцца як у студні, і на першых паверхах мы будзем сядзець і святла божага не бачыць. Мне хацелася б ведаць — няўжо нашы словы, нашы сходы, нашы подпісы не знаходзяць ніякага водгуку?” — выказалася жыхарка дома № 22 Святлана Нікіфарэнка, якая жыве тут з 1970 года.

Яе суседка Ларыса, жыхарка дома № 18, лічыць, што „ляпіць тут дом няма куды”, і ўлады сваімі планамі на ўшчыльненне парушаюць усе магчымыя нормы, не ўлічваючы меркавання мясцовых жыхароў.

„Людзей падманваюць, з 2015 года. Спецыяльна цягнулі час, людзі сцішыліся. А зараз зноў узяліся за ўшчыльненне. Нам усім ішлі лісты, што сітуацыя на кантролі, нічога будавацца не будзе, і вось ізноў падман”, — абураная жыхарка вуліцы. „Трэба біць у набат”, — заявіла яна.

Пенсіянерка Ірына лічыць, што пытанняў з 2015 года засталося вельмі шмат: разведка глебы, камунікацыі, транспартная развязка, нагрузка на паліклініку, дзіцячыя сады і школы. „Кажуць — праект дапрацоўваўся, але ніякай дапрацоўкі не было, ён ляжаў пад сукном, чакалі, пакуль людзі супакояцца, зараз зноў узяліся за ўшчыльненне”, — адзначыла пенсіянерка.

Некаторыя гамяльчане жывуць тут па пяцьдзясят гадоў, і яшчэ школьнікамі садзілі дрэвы, якія цяпер плануецца высечы.

9 жніўня ініцыятыўная група наведае адміністрацыю Чыгуначнага раёна, каб пакінуць там калектыўны зварот.

belapan.com