У Воршы выпала з акна 15-гадовая школьніца



15-гадовая школьніца выпала з акна 11-га паверха ў Оршы (Віцебская вобласць) увечары 6 жніўня, паведамляе ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

Школьніца атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, выпаўшы з лоджыі кватэры, размешчанай у суседнім пад’ездзе дома, дзе пражывае з бацькамі. Яна дастаўленая ў рэанімацыю.

Следчымі папярэдне ўстаноўлена, што дзяўчына знаходзілася ў кватэры знаёмых. Калі яна выйшла на балкон і некаторы час адсутнічала, кампанія занепакоілася. Пазней убачылі, што дзяўчына ляжыць на зямлі каля дома.

Для ўстанаўлення прычын і ўмоў, высвятлення матываў і ўсіх абставінаў здарэння следчыя Аршанскага міжраённага аддзела СК распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 145 (давядзенне да самагубства заведама непаўналетняга) КК Беларусі. Такая практыка, нагадваюць у СК, выкарыстоўваецца па рашэнні старшыні камітэта ва ўсіх падобных выпадках.

Устаноўлена, што пацярпелая станоўча характарызуецца па месцы вучобы і па месцы жыхарства, жыве ў паспяховай сям’і.

belapan.com