ВНУ Беларусі сёлета прынялі на дзве тысячы менш першакурснкаў чым летась



ВНУ Беларусі прынялі на навучанне 53,5 тысячы першакурснікаў, на 2 тысячы менш, чым у 2016 годзе, паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі.

6 жніўня ў краіне завяршыўся прыём ва ўстановы вышэйшай адукацыі абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах, прадугледжаных для беларусаў. План прыёму за кошт бюджэту выкананы цалкам па ўсіх формах атрымання адукацыі — усяго прынята 26,7 тыс. чалавек, што на 400 студэнтаў меней, чым летась.

На платнай аснове будуць вучыцца 26,8 тыс. чалавек (у 2016 годзе — 28,4 тыс. чалавек).

Найбольшы  конкурс быў па спецыяльнасцях бюджэтнай дзённай формы. Сёлета рэкордная колькасць ахвотных паступіць была ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — 15,2 чалавека на месца на спецыяльнасць „спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)”. Далей ідзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ), спецыяльнасць „дызайн” — 12,6 чалавека на месца. Трэцяе месца па колькасці абітурыентаў займае спецыяльнасць „акцёрскае майстэрства” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — 11,4 чалавека на месца. На спецыяльнасць „псіхалогія” у БДПУ імя М.Танка прэтэндавалі 6,5 абітурыента на месца; „камп’ютарная фізіка” — 5,5 (БДУ), „распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў” — 5 (Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога), „архітэктура” — 4,8 (БНТУ).

Канчатковыя вынікі прыёмнай кампаніі падвядуць пасля апрацоўкі адпаведных статыстычных даных, не раней за 15 жніўня.

Прыёмная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы адновіцца 15 лістапада. З гэтай даты і да 20 снежня будуць набіраць абітурыентаў у сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму атрымання адукацыі (як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове).

Акрамя таго, да 15 кастрычніка ўсе ВНУ краіны прымаюць замежных грамадзян, якія паступаюць па сумоўі, што вызначае ўзровень ведаў мовы для атрымання ў Беларусі вышэйшай адукацыі.

БелаПАН