Пра народ, тэлевізар і дастойную пенсію



Усё-такі многа я страчваю, што не гляджу тэлевізар. Адсутнасць звычкі ўключаць „зомбаскрыню” падчас сняданку, замест прыборкі, на адпачынку — гэта фатальная памылка. Калі б любіў тэлебачанне, то, відаць, быў бы з большай часткай суайчыннікаў на адной хвалі, правільна галасаваў бы і шчыра радаваўся б надыходу 7 лістапада. А так — з большасцю няма пра што і паразмаўляць.

Але часам брутальная рэчаіснасць разрывае кайданы тэлевізійнай магіі. Калі ў лядоўні пуста, рэклама мармуровай ялавічыны голад не суцішае. Калі халодныя батарэі, то балбатня пра мадэрнізацыю цепласетак таксама не грэе. Карацей, часам нават самыя адданыя гледачы вяртаюцца з тэлевізійных эмпірэяў на зямлю.

 

Вось, скажам, прыклад з нядаўнім асвятленнем нарады па пытаннях занятасці і міграцыі з удзелам кіраўніка краіны на дзяржаўным ТВ. На гэтай сустрэчы нічога новага і цікавага ў прынцыпе не гучала. Як заўжды, з вуснаў высокапастаўленых чыноўнікаў зрываліся зашмальцаваныя фразы пра дармаедаў, якія ўсім замінаюць жыць. У Беларусі ніякіх іншых праблемаў няма. Вось толькі з дармаедамі разбярэмся — адразу настане рай. Галоўны барацьбіт з дармаедамі прапанаваў нават лагеры з калючым дротам стварыць для асобаў, што ўхіляюцца ад утрымання сваіх дзяцей. І запатрабаваў „імем рэвалюцыі” тэрмінова знайсці працоўныя месцы для 400 тысячаў беспрацоўных. Тэлеспекталь працягнуў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які, хоць і не прапанаваў праект новага Беламорканала, але таксама не дарма рот разяваў. Узяў ды прапанаваў павялічыць тэрмін мінімальнага працоўнага стажу да 15 гадоў. Маўляў, той, хто не адлічваў падаткі цягам 15 гадоў, не можа разлічваць на дастойную пенсію. У гэтым выказванні — увесь драматызм беларускай сітуацыі, калі вярхі на поўным сур’ёзе думаюць, што дзейнічаюць у імя народа. Але народ, які насамрэч з’яўляецца народцам, пасля такой навіны толькі рассмяяўся. У нас нават тыя, хто адпрацаваў на заводзе ўсё жыццё, не ведаюць, што такое дастойная пенсія. А так — хоць век за станком, хоць з бутэлькай гарэлкі ля крамы — вынік прыблізна аднолькавы. У абодвух выпадках пенсія дастойная. З розніцай недзе ў адзін мільён рублёў. Калі дажывеш, вядома.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ