Беларусь-Партугалія – 78:75
Першая перамога ў адборавым турніры далася мужчынскай зборнай Беларусі з вялікай цяжкасцю. Айчынны баскетбол перажывае зараз зацяжны крызіс і кожны супернік зборнай Беларусі – гэта праблема і боль галавы.
У перадкваліфікацыі чэмпіянату свету 2019 года Беларусь на першай стадыі гуляе ў адной групе з камандамі Балгарыі і Партугаліі. У наступны раўнд па выніках кругавога турніру з раз’ездамі выйдуць дзве зборныя. У першым матчы ў балгарскім Боцеўградзе каманда Аляксандра Круцікава пацярпела адчувальную паразу – 68:78. У паядынку з Партугаліяй патрэбна было абавязкова перамагаць, каб захаваць рэальныя шанцы на выхад далей. На аптымістычны лад настройваў факт страты партугальцамі з-за траўмы свайго лідара – Жаау Гомеша. Але і без яго каманда з пірэнейскай паўвыспы дала беларусам сапраўдны бой.
Усё вырашалася на апошняй хвіліне. Пры ліку 72:72 найлепшым чынам праявіў сябе лідар беларускай дружыны Арцём Парахоўскі. Спярша ён закінуў вельмі важныя два ачкі з сярэдняй дыстанцыі, потым здзейсніў каштоўны падбор і рэалізаваў два штрафныя. Нервовая канцоўка прынесла такім чынам перамогу Беларусі – 78:75 (26:10, 10:23, 17:16, 25:26). Як відаць з ліку па чвэрцях пасля аптымістычнага пачатку беларусы абсалютна правалілі другі адрэзак гульні.
Беларусь выступала ў наступным складзе: Корж (2 ачкі), Сітнік (0), Мешчаракоў (5 + 8 падбораў), Парахоўскі (16 + 9 падбораў + 3 перахопы), Лютыч (16 + 7 падбораў), Татур (0), Паляшчук (12 + 5 падб.), Вабішчэвіч (2 + 3 падб. + 6 пасоў), Кудраўцаў (12 + 3 падб. + 4 пасы), Семянюк (11), Белянкоў (не выходзіў), Аўсепян (2).
Пасля дзвюх гульняў у Балгарыі 4 ачкі, у Беларусі – 3, у Партугаліі – 2. Асноўнае змаганне наперадзе, але агульныя шанцы Беларусі пакуль глядзяцца вельмі цмяна.
16 жніўня беларусы дома прымуць Балгарыю, а 19 жніўня выступяць у Партугаліі.
Беларускае Радыё Рацыя