Беларускія хакеісткі разграмілі Аўстрыю на ЧЕ ва Уэльсе



Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве разграміла саперніц з Аўстрыі з лікам 5:0 на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне II у Кардыфе (Уэльс).

Пачатак перамозе паклала нападаючая гродзенскага „Рытму” Святлана Багушэвіч, якая вызначылася на 15-й хвіліне гульні. Праз чатыры хвіліны Надзея Сіліцкая павялічыла перавагу ў ліку – 2:0. Далей беларускі двойчы ўдала разыгралі штрафны вуглавы. Аўтарамі галоў сталі Хрысціна Папкова (34-я хвіліна) і Рыта Батура (37-я хвіліна). Канчатковы лік ўстанавіла Вольга Скрыба ў канцы матчу на 58-й хвіліне.

Жаночая зборная Беларусі атрымала другую перамогу на турніры. Раней падапечныя былі мацнейшымі за каманду Польшчы – 2:0. Наступны матч беларускі правядуць супраць Уэльса 9 жніўня (у 20.00). У іншым паядынку сустрэнуцца Аўстрыя і Польшча.

Пасля двух тураў Беларусь упэўнена лідзіруе ў групе В, набраўшы шэсць ачкоў. Дзве лепшыя каманды прадоўжаць барацьбу за ўзнагароды ў 1/2 фіналу.

Паўфінальныя гульні турніру адбудуцца 11 жніўня, фінал і матч за 3-е месца пройдуць 12 жніўня. Фіналісты турніру атрымаюць права выступіць у мацнейшым дывізіёне чэмпіянату Еўропы.

belta.by